Беларусаў папярэдзілі пра новы штраф з 1 сакавіка
1- 19.02.2025, 15:48
- 5,984

Ён звязаны з лоўляй рыбы.
Менская абласная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету паведаміла, што 1 сакавіка ў рыбалоўных угоддзях Беларусі пачне дзейнічаць забарона на аматарскую і прамысловую лоўлю пэўнай рыбы. Абмежаванне працягнецца да 15 красавіка.
Пры гэтым, як удакладнілі ў інспекцыі, на Віцебшчыне забарона пачнецца 9 сакавіка і працягнецца да 23 красавіка адпаведна. Ну, а тычыцца яна лоўлі шчупака звычайнага. Рэч у тым, што сярод рыб ён адзін з першых адпраўляецца на нераст.
З інфармацыі спецыялістаў, шчупак сустракаецца амаль ва ўсіх вадаёмах Беларусі, у тым ліку рэках, азёрах і вадасховішчах, і з'яўляецца каштоўнай прамысловай рыбай. Калі ж падчас забароны рыбак выпадкова вылавіў шчупака, то яго трэба адпусціць.
Згодна з арт. 16.25 КоАП Беларусі, за здабычу рыбы ў забаронены час ці тэрміны можна атрымаць штраф сумай ад 10 да 30 базавых адзінак (ад 420 да 1260 рублёў) з канфіскацыяй прылад здабычы рыбы ці без яе.
Пры паўторных парушэннях магчыма крымінальная адказнасць. Калі ж парушальнік пры лоўлі рыбы прычыніў прыродзе шкоду у буйным памеры (а гэта на суму ад 100 базавых адзінак і больш), то ў турме можна апынуцца на тэрмін да трох гадоў (ч. 2 арт. 281 КК Беларусі).