З праграмы «саюзнай дзяржавы» скралі значную суму грошай
8- 19.02.2025, 18:14
- 10,904

Амаль 740 тысяч даляраў.
У рамках праграмы «саюзнай дзяржавы» «Інавацыйнае развіццё вытворчасці бульбы і тапінамбура» магло быць выкрадзена больш за 67 млн расейскіх рублёў (амаль 740 тысяч даляраў), піша «КоммерсантЪ».
Мэтамі праграмы было забеспячэнне насельніцтва Расеі і Беларусі «высакаякаснай бульбай уласнай вытворчасці і выпуск прадуктаў здаровага харчавання з тапінамбура».
У злачынстве абвінавачваецца гендырэктар і заснавальнік расейскага ТАА «Агрысаўгаз інжынірынг» Сяргей Скрыпнікаў. Паводле звестак следства, у снежні 2015 года ён вырабіў дзесяць справаздач аб навукова-даследчых працах для забеспячэння рэалізацыі мерапрыемстваў праграмы «саюзнай дзяржавы», «выкананне якіх не панесла фінансавых выдаткаў».
Затым фігурант увёў у зман службовых асоб Мінсельгаса Расеі і Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі, якія прынялі яго справаздачы і аплацілі іх бюджэтнымі грашыма, у выніку была прычыненая шкода ў асабліва значнай суме.
Крымінальная справа паводле абвінавачання Скрыпнікава ў асабліва буйным махлярстве накіраваная на разгляд у суд. Абарона разлічвае давесці яго невінаватасць у судзе.