21 лютага 2025, Пятніца, 10:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску судзяць беларуса, які забіў брытанскага прадусара ў Маскве

5
У Менску судзяць беларуса, які забіў брытанскага прадусара ў Маскве
Абвінавачаны ў судзе. Люты 2025 год, Менск

Злачынства адбылося 25 гадоў таму.

У Менскім гарадскім судзе пачаўся працэс аб забойстве ў 1999 годзе ў Маскве генеральнага прадусара тэлеканала СТС Крыстафера Рыса.

Абвінавачаным паводле справы праходзіць грамадзянін Беларусі Дзмітрый Цярэнцюк, якога прывезлі на суд з калоніі: ён адбывае тэрмін за забойства сваёй сужыцелькі, пішуць расСМІ.

Крыстафера Рыса СМІ называлі адным з самых уплывовых прадусараў расейскай тэлевізіі. Ён займаўся шоў-бізнэсам на радзіме ў Вялікай Брытаніі, дзе супрацоўнічаў у тым ліку з кампаніяй «Дысней», а ў канцы 90-х прыехаў у Расею і ўзначаліў забаўляльны канал СТС.

27 верасня 1999 года Рыс не выйшаў да свайго кіроўцы, каб ехаць на працу. Супрацоўнікі тэлеканала зайшлі ў кватэру і ўбачылі на ложку знявечанае цела 37-гадовага прадусара. Следства высветліла, што ён атрымаў чатыры раненні кухонным нажом, колатыя раны відэльцам і ўдар па галаве прасам. Пры гэтым адбіткаў пальцаў забойцы і слядоў узлому не было.

Справу ўдалося раскрыць толькі праз 24 гады. У верасні 2023 года стала вядома, што эксперты правялі экспертызу ДНК узораў, сабраных на месцы злачынства, і ўстанавілі асобу чалавека, які знаходзіўся з Рысам у адной кватэры ў дзень забойства. Ім выявіўся беларус Дзмітрый Церанцюк, на момант забойства яму было 19 гадоў.

Яго абвясцілі ў вышук, але выявілася, што мужчына ўжо знаходзіцца за кратамі. Ён адбывае 16 гадоў за забойства сужыцелькі.

У судзе заслухалі паказанні былога сукамерніка мужчыны. З яго слоў, абвінавачаны быў занепакоены тым, што міліцыя даведалася яшчэ пра адно забойства, учыненае ў Маскве ў 1999 годзе. Мужчына расказваў сукамерніку, што пазнаёміўся з Рысам у бары, пазней яны прыехалі ў кватэру прадусара на Цвярской.

Паводле версіі абвінавачанага, ён надумаў заступіцца за нейкую дзяўчыну, да якой Рыс пачаў прыставаць. Мужчына нанёс яму множныя раненні разбітай бутэлькай, наносіў удары ўсім, што «траплялася пад руку». Як вынікае з абвешчаных паказанняў сведкі, абвінавачаны распавёў яму, што «разрабіў мужчыну на кавалкі, было проста месіва, выкалаў вочы (…), параніў сабе палец». Як вынікае з матэрыялаў справы, цела забітага Крыстафера Рыса было аголеным.

Пры гэтым расейскія следчыя меркавалі, што беларус забіў Рыса з мэтай рабавання. Забойца моцна збіў прадусара, скраў у яго 250 даляраў і тэлефон, пасля чаго ўцёк.

Менскі суд прыняў пастанову абвяшчаць падрабязнасці паводле справы, якія носяць інтымны характар, у закрытым судовым пасяджэнні. Мужчыну абвінавачваюць у забойстве з асаблівай жорсткасцю.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках