Эканамістка: Лукашэнка спараджае карупцыю
11- 19.02.2025, 18:56
- 8,952

Падатковая не працуе з мэтай палепшыць бізнэс-асяроддзе.
Лукашэнка загадаў стварыць пералік «прыстойных бізнэсоўцаў», якіх радзей будзе правяраць падатковая і іншыя кантрольныя органы. У сваю чаргу, такія прадпрыемствы павінны «жалезабетонна» нічога не парушаць, плаціць падаткі і «не крыўдзіць людзей - звычайных рабочых, сялян».
Захад, які падаецца як стымул для бізнэсу выконваць заканадаўства, эканамістка Аліса Рыжычэнка ў інтэрв'ю «Филину» называе сумнеўным:
- Значыць, толькі пэўнае кола людзей можа ўвайсці ў гэты пералік і мець прывілеі ў выглядзе адсутнасці праверак. Усе астатнія, хто не атрымае права ўвайсці ў гэтае кола, будуць мець сталыя праверкі і вымушаныя будуць плаціць штрафы. Таму што кожная праверка знаходзіць нейкія памылкі, парушэнні - праца ў іх такая.
Падатковая ў Беларусі, як і іншыя кантрольныя органы, не працуе з мэтай палепшыць бізнэс-асяроддзе. Яны працуюць з мэтай знайсці праблему і атрымаць за гэта выплаты ў выглядзе штрафаў.
Таму разлічваць на тое, што бізнэсы, якія не патрапілі ў спіс, будуць працаваць спакойна, без ціску з боку чыноўнікаў і кантарлёраў, вядома, не даводзіцца. І натуральна, што гэта будзе спараджаць карупцыю, бо патрапіць у пералік будзе шмат ахвочых.