У Менску падаражэлі кватэры
9- 19.02.2025, 19:29
- 6,220

Як чакаецца, гэтае падаражанне не апошняе сёлета.
У жылым комплексе «Мінск Мір» у беларускай сталіцы падрос кошт квадратнага метра. Больш за тое, як чакаецца, гэтае падаражанне не апошняе сёлета. Прайс будзе павялічвацца і ў ЖК «Парк Чалюскінцаў», аб гэтым карэспандэнту «Зеркала» як патэнцыйнаму пакупніку нерухомасці паведамілі ў аддзеле продажаў агенцтва «Бір Бай».
Супрацоўніца агенцтва «Бір Бай» (яно прадае нерухомасць у жылых комплексах «Мінск Мір», «Парк Чалюскінцаў» і «Маяк Мінска») паведаміла, што ў мінулы панядзелак, 17 лютага, выраслі цэны за адзін «квадрат».
Сярод іншага кошт узнялі ў ЖК «Мінск Мір» - на 50 еўраў за квадратны метр (блізу 171 рубля курсам Нацбанка на 19 лютага).
- Спачатку паднялі кошт бізнэс-апартаментаў, потым кватэр на першых паверхах, а іншых гатовых кватэр у нас проста няма. Больш за тое, з наступнага панядзелка кошты гатовай нерухомасці ў «Мінск Міры» паднімуцца яшчэ раз на 50 еўраў, - праінфармавала дзяўчына.
Да прыкладу, цяпер «квадрат» у трохпакаёўцы плошчай 63,6 квадратнага метра на другім паверсе ў адным з дамоў у квартале «Паўднёвая Амерыка» каштуе 1400 еўраў, або 4777 рублёў (гэта пры 100%-й аплаце), а кватэра з такой жа колькасцю пакояў (але на 75,9 «квадрата» на першым паверсе – 1580 еўраў ці 5391 рубель.
Са звестак суразмоўцы, прайс на 50 еўра паднімуць таксама ў жылым комплексе «Парк Чалюскінцаў».
- А што перашкаджае паднімаць кошты? У краме ж яны таксама растуць, і нас ніхто не пытаецца, - адрэагавала суразмоўніца на пытанне аб тым, з чым звязанае падаражанне.