Прэзідэнт Літвы прапанаваў Еўропе план дзеянняў для падтрымкі Украіны
9- 19.02.2025, 19:53
- 3,722

Наўседа падкрэсліў, што еўрапейскія дзяржавы «павінны дзейнічаць цяпер, каб умацаваць бяспеку Еўропы».
Літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа заклікаў еўрапейскія дзяржавы да неадкладных дзеянняў для падтрымкі Украіны і ўмацавання бяспекі кантынента.
Як паведамляе «Еўрапейская праўда», пра гэта ён напісаў у X (Twitter).
Наўседа падкрэсліў, што еўрапейскія дзяржавы «павінны дзейнічаць цяпер, каб падтрымаць Украіну і ўмацаваць бяспеку Еўропы». Ён прапанаваў свой план такіх дзеянняў, сярод якіх:
- Рэальныя гарантыі бяспекі для Украіны - «сяброўства ў NATO павінна заставацца на стале перамоў».
- Расея павінна быць прыцягнутая да адказнасці за вайсковыя злачынствы, а санкцыі павінны заставацца да спынення агрэсіі.
- Неадкладнае фінансаванне ўзбраенняў і 10 млрд еўраў для ўкраінскай абароннай прамысловасці.
- Арышт замарожаных актываў Расеі і ўвядзенне тарыфаў на расейскі/беларускі імпарт.
- Паскоранае ўступленне ў ЕЗ - мэтавая дата да 2030 года.
«Бяспека Украіны з'яўляецца часткай еўрапейскай бяспекі. Давайце дзейнічаць разам», - падсумаваў прэзідэнт Літвы.
Яго допіс з'явіўся на фоне правядзення ў Парыжы ў сераду, 19 лютага, другога саміту анлайн, дзе павінны абмеркаваць Украіну і еўрапейскую бяспеку.