21 лютага 2025, Пятніца, 23:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тры запар перамогі Турцыі над расейцамі ў найноўшай гісторыі

2
Тры запар перамогі Турцыі над расейцамі ў найноўшай гісторыі

Чаму Кіеву важная Анкара?

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп даў зразумець, што хоча не справядлівага міру, а хуткіх простых пастановаў. Апошняга лягчэй дамагчыся ціскам на Украіну, а не РФ. У такіх умовах Кіеў імкнецца пашырыць кола ўдзельнікаў перамоўнага працэсу, у тым ліку ўключыць Турцыю.

Што зменіцца для Украіны пры такіх умовах – у матэрыяле «Апострафа».

18 лютага, пасля візіту ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наведаў Турцыю. У пачатку візіту разам з першай лэдзі яны афіцыйна адкрылі новы будынак украінскай амбасады ў Анкары. У амбасадзе адбылася сустрэча з прадстаўнікамі ўкраінскай супольнасці.

Уладзімір Зяленскі разам з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам «падрабязна абмеркавалі ўсе глабальныя працэсы, якія могуць прывесці да заканчэння вайны Расеі супраць Украіны, сярод іншага важнасць супольнай працы над гарантыямі бяспекі для Украіны». У фокусе таксама былі эканамічныя пытанні, узаемадзеянне ў сферы адукацыі, харчовай бяспекі, праблема вяртання нашых грамадзянаў з расейскай няволі.

У святле апошніх непрыемных навінаў з Саудаўскай Аравіі Зяленскі падкрэсліў, што Турцыя павінна быць задзейнічаная ў перамоўным працэсе пасля заканчэння вайны.

«Украіна, Еўропа – у шырокім сэнсе, а гэта і Еўразвяз, і Турцыя, і Брытанія, – павінны быць задзейнічаныя разам з Амерыкай у размовах і распрацоўцы патрэбных гарантый бяспекі, якія датычацца лёсу нашай часткі свету», – сказаў ён.

«За апошні час, на мой погляд, гэта адзіная вельмі правільная заява датычна знешняй палітыкі. Нарманскі фармат быў вельмі дрэнным, таму што Нямеччына і Францыя – традыцыйныя хаўруснікі Расеі з часоў Расейскай імперыі... Вялікая Брытанія заўсёды была апаненткай Расеі, як і Турцыя. Калі Зяленскі заявіў, што акрамя ЕЗ павінна быць Вялікая Брытанія і Турцыя – гэта тое, што трэба было рабіць даўным-даўно», – каментуе палітолаг Віталь Бала.

У ходзе візіту Зяленскага Эрдаган заявіў, што Анкара будзе падтрымліваць тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і незалежнасць Украіны і прапанаваў Турцыю ў якасці пляцоўкі для мірных перамоваў.

«Добра, што ў Эрдагана ёсць такая пазіцыя, і не толькі ў Эрдагана – Кітай, Іран не прызнаюць расейскімі ні адной анэксаванай тэрыторыі ва Украіне. І тое, што Эрдаган, нягледзячы на свае стратэгічныя партнёрскія стасункі з Расеяй, рэгулярна заяўляе пра тэрытарыяльную цэласнасць Украіны – гэта добра… Але трэба разумець: не будзе Эрдаган гуляць на нашым баку. Ён хоча выступаць у ролі пасярэдніка. І тут нашы інтарэсы супадаюць – для нас цяпер важна зрабіць канструкцыю мірных перамоваў больш разнастайнай, каб там быў ЕЗ і каб не толькі ЗША выступалі ў ролі пасярэдніка. Таму што пры цяперашняй пазіцыі Трампа, на жаль, ёсць рызыкі, што Трамп можа саступаць Пуціну ў перамоўным працэсе», – заўважыў палітолаг Уладзімір Фясенка.

У той самы час у Турцыі сваё зацікаўленне.

– Турцыя вельмі зацікаўленая ў тэрытарыяльнай цэласнасці і не хоча ўзмацнення Расеі ў Чарнаморскім басейне. Таму іх пазіцыя не праўкраінская, а пратурэцкая, – кажа намеснік дырэктара Цэнтра блізкаўсходніх даследаванняў Сяргей Данілаў.

«Турцыя – вельмі магутная краіна з пункту гледжання войска. Турэцкае войска – гэта мільён. ВПК – гэта сур'ёзная ваенная сіла, гэта па-першае. Па-другое, Турцыя зацікаўленая ў тым, каб Украіна захавала тэрытарыяльную цэласнасць, у тым ліку Крым. Відавочна, яны разглядаюць татараў як хаўруснікаў», – адзначае палітолаг Аляксандр Палій.

Зрэшты, тое, што кіраўнік украінскай дзяржавы прызначыў новым амбасадарам Украіны ў Турцыі Нарымана Джэляла, першага намесніка старшыні Меджліса крымскататарскага народа, вызваленага з расейскага палону летам летась, – не сведчыць пра амбіцыі ўлады вярнуць Крым.

«Цяпер няма, на вялікі жаль, перадумоваў для вяртання Крыма, і не толькі Крыма. Будзем рэалістамі. У нас цяпер задача значна больш празаічная і больш драматычная – трэба выдужаць», – адзначае Фясенка.

У цэлым патэнцыял уплыву краінаў Блізкага Усходу на перамовы пра мір ва Украіне не варта перабольшваць, мяркуе Данілаў.

«Падчас перамоваў хіба што Саудаўская Аравія можа нейкую ролю згуляць як краіна, якая прымае ў сябе гэтыя перамовы. Саўдыты спрабавалі ўвайсці ў гульню, запрасіць украінскую дэлегацыю. Але ў цэлым іх уплыў не такі вялікі і не такі значны», – пракаментаваў ён.

Турцыя ўсё ж здольная ўзмацніць Украіну, мяркуе Палій. Ён звяртае ўвагу на тое, што «ў расейцаў зубы на турак, але і ў турак амбіцыі вельмі сур'ёзныя».

«Турцыя з пафасам гучна выгнала расейцаў з Сірыі, перад гэтым у Ідлібе, была гісторыя ў Лівіі, дзе яны таксама мелі з расейцамі праблемы і фактычна перамаглі. Тры запар перамогі турак над расейцамі ў найноўшай гісторыі. Асабліва расейцаў павучыла гісторыя з Сірыяй, дзе яны проста вылецелі як корак. Вядома, гэта пры ўдзеле ўкраінцаў, бо мы ведаем, што 20 нашых аператараў беспілотнікаў навучалі мясцовых сірыйскіх паўстанцаў. Але што такое 20? Гэта мізэр. Але з такім мізэрам мы разам з туркамі, і, вядома, самае галоўнае – сірыйцамі, паламалі ўсе расейскія авіяносцы, авіябазу…» – успомніў ён.

Увогуле, Пуціну вельмі не хацелася б бачыць за сталом перамоваў Турцыю, кажуць эксперты. Гэта значыць, што мы рухаемся ў правільным кірунку.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках