«Што вы тут робіце, вы ж звольненыя»
8- 19.02.2025, 20:51
- 18,414

У Гомелі лекар-кіраўнік з вялікім стажам толькі напрыканцы змены даведаўся, што страціў працу.
У Гомелі лекар з 38-гадовым стажам, як звычайна, прыйшоў на працу ў лякарню і толькі перад канцом змены даведаўся, што напярэдадні яму не прадоўжылі кантракт. Мужчына дамогся аднаўлення на працоўным месцы праз суд, паведамілі ў Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафзвязу супрацоўнікаў аховы здароўя (БПРЗ).
Лекар вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ўсе 38 гадоў з пачатку сваёй кар'еры працаваў у адной установе аховы здароўя, займаў кіраўнічую пасаду. У снежні 2024-га года ён заявіў у прафзвяз пра парушэнні пры ягоным звальненні пасля заканчэння тэрміну кантракта.
Паводле словаў медыка, ён не быў азнаёмлены з загадам аб звальненні і фактычна адпрацаваў поўны дзень ужо пасля заканчэння тэрміну дзеяння кантракта. Як высветлілася падчас праверкі, яму таксама не была выдадзеная працоўная кніжка.
«Прадстаўнікі наймальніка патлумачылі, што працоўную кніжку не выдалі, бо супрацоўнік не прыйшоў па яе ў аддзел кадраў. Ліст пра неабходнасць атрымання гэтага дакумента адпраўлялі яму заказным лістом, аднак на адрас, па якім чалавек не пражываў. Пры гэтым якіх-небудзь званкоў цягам працоўнага дня з просьбай прыйсці для азнаямлення з загадам аб звальненні і атрымання працоўнай кніжкі з боку прадстаўнікоў наймальніка супрацоўніку не паступала. Кантракт скончыўся, але пасля даты ягонага заканчэння медык выйшаў на працу на наступны дзень, бо думаў, што ён не звольнены. Пазней у ягоны кабінет кіраўніка структурнага падраздзялення зайшоў прадстаўнік адміністрацыі з пытаннем: "Што вы тут робіце, вы ж звольнены?" Надалей супрацоўніку была выдадзеная працоўная кніжка. Тым не менш ён закончыў змену», – расказаў галоўны прававы інспектар працы Гомельскай абласной арганізацыі БПРЗ Сяргей Хурбатаў.
Больш за тое, пра звальненне медыка не ведаў і калектыў – супрацоўнікі размаўлялі з кіраўніком падраздзялення як звычайна.
Ужо ў судзе высветлілася, што наймальнік парушыў пункт калектыўнай дамовы арганізацыі, які таксама прадугледжаны ў пагадненні паміж Міністэрствам аховы здароўя і БПРЗ на 2022–2024 гады. Гэтая норма прадугледжвае абавязковае атрыманне папярэдняй згоды прафзвязнага камітэта пры звальненні пасля заканчэння тэрміну кантракта супрацоўнікаў з інваліднасцю. Наймальнік праігнараваў гэты пункт, нягледзячы на наяўнасць у медыка інваліднасці ІІ групы.
Пастановай суда лекар быў адноўлены на працы. На ягоную карысць з арганізацыі спагнана блізу 6 тыс. рублёў – сярэдні заробак за час вымушанага прагулу, а таксама 200 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.