Чацвёрты буйны расейскі НПЗ спыніўся
2- 19.02.2025, 21:47
- 19,224

Сызранскі НПЗ «Раснафты» атакаваў беспілотнік.
Сызранскі НПЗ «Раснафты» прыпыніў перапрацоўку нафты праз пажар, які ўзнік пасля атакі беспілотніка ў ноч на 19 лютага, паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы ў галіне.
Паводле словаў суразмоўцаў агенцтва, на заводзе, які выпускае штогод 800 тысячаў тонаў бензіну і 1,5 млн тонаў дызпаліва, загарэлася адзіная працоўная ўстаноўка першаснай перапрацоўкі нафты АВТ-6. Яшчэ адна ўстаноўка – АВТ-5, магутнасцю ўдвая меншая за першую, – знаходзіцца ў тэхналагічным прастоі.
Праз аварыю ў Сызрані «Раснафта», паводле словаў крыніцаў Reuters, у сераду рэзка знізіла адгрузкі паліва на самарскай групе НПЗ: бензіну Аі-92 было рэалізавана на чвэрць менш (1800 тонаў), а пастаўкі АІ-95 упалі ўдвая, да 1200 тонаў.
Сызранскі НПЗ стаў чацвёртым заводам, які прыпыніў вытворчасць у 2025 годзе праз чараду атак украінскіх БПЛА.
24 студзеня спыніў адгрузкі Разанскі НПЗ – найбуйнейшы завод «Раснафты», на які прыпадае 5% усёй нафтаперапрацоўкі ў Расеі. Праз два тыдні прадпрыемства вярнулася да працы, але з няпоўнай загрузкай. Толькі на 60% магутнасці, паводле словаў крыніцаў Reuters, працуе Валгаградскі НПЗ «Лукойла», які патрапіў пад удар БПЛА 3 лютага. Праца завода, які з'яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком паліва для Паўднёвай федэральнай акругі, аднавілася 12 лютага, але ў няпоўным рэжыме.
Прадаўжае прастойваць Астраханскі НПЗ «Газпрама», які выпускае бензін і дызпаліва для паўднёвых рэгіёнаў. Ён трапіў пад удар у ноч на 4 лютага, а ягоны рамонт можа задоўжыцца на месяцы, гаварылі крыніцы Reuters. Паводле іх ацэнкі, праз чараду налётаў БПЛА ў пачатку 2025 года Расея страціла 10% магутнасцяў НПЗ.
Летась праз напады дронаў і праблемы з рамонтам аб'ёмы нафтаперапрацоўкі ў Расеі ўпалі да 12-гадовага мінімуму – 267 млн тонаў. Экспарт нафтапрадуктаў скараціўся на 9%, да 113,7 млн тонаў. Адказам ураду стала засакрэчванне статыстыкі. У траўні Мінэнэрга перастала перадаваць у Расстат аператыўныя звесткі пра выпуск бензіну, а ў жніўні «грыф сакрэтна» быў накладзены на статыстыку выпуску дызельнага паліва. «Часта статыстычныя звесткі пра вытворчасць маторных паліваў, якія публікуюцца Расстатам, могуць быць выкарыстаныя для неабгрунтаванага ціску на рынак і стварэння штучнага ажыятажу», – тлумачыла ўстанова.