«Дэмаграфічная яма з 90-х усё ж нас напаткала»
12- 20.02.2025, 12:10
- 6,974

Экспэртка зрабіла прагноз па рынку працы на найбліжэйшыя 10 гадоў.
У 2025 годзе і найбліжэйшыя 10 гадоў тэндэнцыя нястачы персаналу на рынку працы ў агулам будуць захоўвацца, заявіла дырэктарка сэрвісу ў пошуку працы і персаналу «HeadHunter Беларусь» Святлана Шапарава ў праграме «Актуальнае інтэрв'ю» на тэлеканале «Першы інфармацыйны», звярнула ўвагу выданне «Позiрк».
«Дэмаграфічная яма з 90-х усё ж нас напаткала. Проста фізічна не нарадзілася тых людзей, якія павінны зараз выйсці ў добры працаздольны ўзрост. Таму нам трэба будзе вучыцца працаваць з тымі тэндэнцыямі, якія ёсць на рынку, з тым персаналам, што ёсць на рынку. Таму што мы бачым, што для кампаніі зараз гэта вельмі важна не толькі прыцягваць, але і ўтрымліваць і матываваць людзей», - сказала Святлана Шапарава.
На думку спецыялісткі, працадаўцам варта «сыходзіць ад дыскрымінацыйных патрабаванняў паводле полу, узросту», працаваць з усімі катэгорыямі персаналу.
У 2024 годзе пік вакансій прыпаў на верасень, калі іх колькасць павялічылася на 30% у параўнанні з пачаткам года, а колькасць рэзюмэ павялічылася на 34%, паведаміла яна.
Цяпер канкурэнцыя ў сэрвісе складае 7,7 рэзюмэ на адну вакансію, удакладніла яго кіраўніца: «Гэта дастаткова добрая сітуацыя, таму што ў класіцы пяць-шэсць рэзюмэ - гэта добрая канкурэнцыя, а тут нават больш рэзюмэ. Рынак працы неаднародны, і мы бачым, што ў некаторых сферах цяжэй супрацоўнікам шукаць працу спецыялістам, а недзе наймальнікам цяжэй падбіраць супрацоўнікаў».
Больш складана падбіраць супрацоўнікаў у сферы масавага найму, напрыклад, раздробнага гандлю, грамадскага харчавання, вытворчасці, растлумачыла Шапарава. Сферы інфармацыйных тэхналогій, маркетынгу больш складаныя для пошуку ўжо саміх наймітаў, бо «тут канкурэнцыя ад 14 да 18 рэзюмэ на адну вакансію».
Са слоў прадстаўніка сэрвісу, для многіх шукальнікаў акрамя ўзроўню заробку ў выбары месца працы важны зручны гнуткі графік працы і прыязны калектыў, добраўпарадкаванне працоўнага месца.
Дырэктарка HeadHunter адзначыла, што ў Беларусі за апошні год больш чым на 24% павялічылася колькасць вакансій у сферы ІТ - гэта найвышэйшы паказчык сярод усіх: «Самыя папулярныя прафесіі ў гэтым сэгменце - праграмісты. У першую чаргу гэта праграмісты 1С, Java-распрацоўшчыкі і PHP. Таксама бізнэс-аналітыкі даволі запатрабаваныя зараз на рынку».