У гомельца за лядоўняй знайшлі схованку з $700 тысяч
33- 20.02.2025, 14:15
- 20,852

Ён хацеў адкупіцца, але трапіў за краты.
Суд Новабеліцкага раёна Гомеля вынес прысуд у справе аб замаху на выдачу хабару ў асабліва вялікай суме. Абвінавачаны, які знаходзіўся пад следствам паводле падатковага артыкула, спрабаваў падкупіць супрацоўнікаў Управы Дэпартамента фінансавых расследаванняў (УДФР), каб пазбегнуць крымінальнага пераследу, піша «Онлайнер».
Улетку 2024 года падчас ператрусу ў яго кватэры мужчына прапанаваў начальніку групы дазнання спачатку $20 тысяч, а затым павялічыў суму да $50 тысяч. Ён спадзяваўся, што такім чынам атрымаецца закрыць справу і схаваць ад кантралёраў сейф, у якім захоўвалася $700 тысяч і 26 мільёнаў расейскіх рублёў. Аднак яго спробы подкупу былі праігнараваныя.
На судзе гомелец прызнаў, што наўмысна не паведамляў аб існаванні тайніка за лядоўняй. Аднак сцвярджаў, што прапаноўваў толькі 20 тысяч расейскіх рублёў, каб спыніць ператрус, а факт хабару ў асабліва вялікай суме адмаўляў.
Тым не менш суд прызнаў яго вінаватым і прысудзіў да шасці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама асуджаны абавязаны выплаціць штраф сумай 1 000 базавых адзінак (42 000 рублёў).
Прысуд пакуль не ўвайшоў у законнае дзеянне.