Новая версія Чырвонай кнігі з'явіцца ў Беларусі
7- 20.02.2025, 19:06
- 1,388

Ужо пятую па ліку рэдакцыю Чырвонай кнігі плануецца выдаць да канца года.
Новую, ужо пятую па ліку, рэдакцыю Чырвонай кнігі Беларусі плануецца выдаць да канца года.
Аб гэтым паведаміў першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут на выніковай калегіі ведамства.
«Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі падрыхтаваныя прапановы па актуалізацыі спісаў рэдкіх відаў дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення на тэрыторыі краіны. Прапануецца ўключыць у яго 213 відаў жывёл і 310 відаў раслін. Праект пастановы Мінпрыроды знаходзіцца на ўзгадненні з зацікаўленымі. У сувязі са зменамі трэба будзе забяспечыць пятае выданне Чырвонай кнігі да канца года», - распавёў Корбут, якога цытуе агенцтва БелТА.
Прадстаўнік Мінпрыроды адзначыў, што ахоўны статус некаторых жывёл плануецца панізіць з прычыны павелічэння папуляцый: «Ім надаецца так званы бінарны статус - яны з'яўляюцца дзікімі жывёламі, аднесенымі да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі, і адначасова паляўнічымі жывёламі пры неабходнасці рэгулявання колькасці».
Самае першае выданне Чырвонай кнігі Беларусі выйшла ў 1981 годзе, у яго былі ўключаныя 80 відаў жывёл і 85 відаў раслін. Чацвёртае, актуальнае на гэты момант, выданне, складаецца з двух тамоў, дзе адзін прысвечаны жывёлам, а іншы - раслінам. У яго ўключаныя 203 віды дзікіх жывёл і 303 віды дзікарослых раслін.