Макрон падтрымаў Зяленскага і адпрэчыў абвінавачванні Трампа
2- 21.02.2025, 9:05
- 9,214

Французскі лідар нагадаў аб праблемах Пуціна.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон зняпраўдзіў нядаўнія абвінавачванні прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на адрас Уладзіміра Зяленскага наконт нібыта «дыктатарства без выбараў».
Пра гэта паведамляе BFMTV.
Французскі лідар нагадаў аб праблемах з "выбарамі" прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.
Падчас прамога відыачату з карыстальнікамі інтэрнэту Макрон падтрымаў Зяленскага пасля рэзкіх заяў Трампа, які ў сераду, 19 лютага, назваў украінскага прэзідэнта «дыктатарам без выбараў» і заявіў, што Зяленскі «робіць жудасную працу» і «адмаўляецца праводзіць выбары».
Макрон падкрэсліў, што яго ўкраінскі калега з'яўляецца легітымным і «абраным прэзідэнтам свабоднай сістэмы». У адрозненне ад яго, дадаў прэзідэнт Францыі, «гэта нельга сказаць пра Пуціна».
«Гэта не той выпадак, як з Уладзімірам Пуціным, які забівае сваіх апанентаў і маніпулюе сваімі выбарамі на працягу доўгага часу», - адзначыў французскі лідар.
Макрон таксама патлумачыў, што Зяленскі «не можа правесці выбары» з-за дзейнага ва Украіне амаль тры гады ваеннага становішча, якое перарывае ўвесь выбарчы працэс.
«Вы мяркуеце, што ў такой жа сітуацыі нам было б весела праводзіць выбары?» - спытаў Макрон.
Ён таксама выказаў меркаванне, што «працяглы мір» з'яўляецца «перадумовай для выбараў» ва Украіне.
«Як вы думаеце, ён (Зяленскі) можа арганізаваць прэзідэнцкія ці парламенцкія выбары ў краіне, дзе мільёны ўкраінцаў уцяклі дзеля сваёй бяспекі, дзе мільёны іншых мабілізаваныя на фронт… і дзе цэлая паласа яго тэрыторыі захоплена Распяй?» - дадаў прэзідэнт Францыі.
Макрон падкрэсліў, што «мы хочам больш дэмакратыі ва Украіне ў доўгатэрміновай перспектыве дзякуючы працягламу міру».
«Прэзідэнт Зяленскі таксама хоча дэмакратыі, таму што ён з'яўляецца яе плёнам», - сказаў ён.