«Цяпер нават ва Узбекістане лепш, чым у Беларусі»
9- 21.02.2025, 15:07
- 10,808

Іншаземцы расказалі, ці варта ехаць у нашу краіну дзеля працы.
У апошнія гады ў Беларусі ўсё больш востра стаіць пытанне з кадрамі - высокакваліфікаваныя спецыялісты з'язджаюць у Еўропу і Амерыку. Каб заткнуць дзірку, уладам даводзіцца залучаць замежнікаў, у тым ліку з краін Азіі.
CityDog.io паразмаўляў з жыхарамі Узбекістана і даведаўся, наколькі цікавая Беларусь для эканамічнай эміграцыі.
Тэадор (імя змененае), Узбекістан – Літва: «У Беларусі я не стаў бы жыць нават за 1000$»
Цяпер Тэадор жыве ў Літве і працуе ў адной з IT-кампаній. Са слоў хлопца, сярод ягоных калег шмат беларусаў, і яны разглядаюцца як каштоўныя супрацоўнікі.
Тэадор кажа, што ў Беларусі моцная школа праграмавання: знаёмыя хлопца нават прыязджалі сюды з Узбекістана, каб паступіць у БДУІР, але пасля навучання часцей за ўсё вярталіся дадому, а не заставаліся ў Менску. На думку Тэадора, гэта звязана з заробкам і коштам жыцця: у абедзвюх краінах заробак прыкладна аднолькавы, але жыццё ў Ташкенце таннейшае.
- На рашэнне аб пераездзе ў іншую краіну ўплывае і эканамічная сітуацыя, і інфраструктура ў цэлым. Так, у вас прыгожа і класныя людзі, але асімілявацца іншаземцу ў Беларусі складана. Людзі едуць у краіны, дзе ўжо ёсць дыяспара: напрыклад, у Швэцыю ці Амерыку. У Беларусі пакуль такой супольнасці няма, і я не ўпэўнены, што яна з'явіцца, - распавядае хлопец.
Тэадор атрымаў адукацыю ў Еўропе, паспеў папрацаваць у буйных кампаніях і ўжо адкрыў уласную фірму. Таму хлопец не бачыць сэнсу пераязджаць у Беларусь, нават калі ягоны заробак у нас складзе 1000$: «За той сярэдні заробак, які прапануюць у Беларусі, я 100% не гатовы сюды пераязджаць».
А які сярэдні заробак ва Узбекістане?
Згодна з Белстатам, сярэдні налічаны заробак у Беларусі ў снежні склаў амаль 2700 руб. (787 $).
Сярэдні налічаны заробак ва Узбекістане ў 2024 годзе складае 5357000 сумаў - гэта 1 350 руб., або 410$.
Другая прычына, з якой Тэадор не хацеў бы эміграваць у Беларусь, - палітычнае становішча. "Нашы краіны сябруюць, і ў нас нібыта плюс-мінус аднолькавы рэжым, ты ўсё адно адчуваеш сябе не ў сваёй талерцы", – кажа хлопец.
Найбольш прывабныя краіны для Тэадора ў эканамічным плане - Скандынавія, Нідэрланды і Амерыка. Апроч высокага ўзроўню жыцця, маладзён адзначае магчымасць прафесійнага росту і вялікую дыяспару.
- Беларусі варта было б не так моцна раскідвацца кадрамі. Калі ў цябе ёсць вялізныя кампаніі, то з'яўляецца і прычына, каб сюды прыязджаць, працаваць і ствараць сям'ю.
Сэвіль, Узбекістан: «Вялікую ролю адыгрывае палітычны чыннік і мае погляды»
Дзяўчына пражыла ў Менску пяць гадоў - вучылася ў БДУІР, а на апошніх курсах працавала паводле спецыяльнасці ў адной з IT-кампаній. У 2022 годзе яе заробак складаў 500$. Сэвіль прызнаецца: калі б тады ёй прапанавалі стаўку вышэйшую, яна разгледзела б Беларусь як краіну для жыцця.
- Адзін з важных чыннікаў, чаму замежнікам у Беларусі даводзіцца няпроста, - гэта прадузятае стаўленне. Я сутыкалася з ім і ад людзей старэйшага пакалення, і ад маладых людзей. У Беларусі няма такога адкрытага стаўлення да іншаземцаў, як, напрыклад, у еўрапейскіх краінах.
Ва ўніверсітэце выкладчыкі часта прыніжалі замежных студэнтаў, нягледзячы на тое, што мы вучыліся на платнай форме. Ды і не толькі на вучобе - касыя погляды здараліся нават пры паходзе ў краму ці на рынак. Мы не ўліваліся ў грамадства. Так было і ў момантах, звязаных з адміністрацыйнымі працэсамі. Напрыклад, медыцынскія паслугі абыходзіліся нам удвая даражэй, таму што мы замежнікі.
Складанасць у асіміляцыі - не адзіная прычына, з-за якой Сэвіль не хоча жыць у Беларусі. Адбіваецца і палітычная абстаноўка, і асабістыя погляды дзяўчыны на тое, што адбываецца. Акрамя таго, на думку Сэвільі, узровень жыцця ва Узбекістане вышэйшы, чым у нас.
- Зыходзячы з гэтых звестак, у Беларусь я б не пераехала. Калі б у вас была іншая палітычная сітуацыя і заробак, я задумалася б аб пераездзе. Ва Узбекістане я атрымліваю 1600$ чыстага прыбытку. У Беларусь я пагадзілася пераехаць, калі б мне прапанавалі заробак ад 1800$ і далі жыллё. Калі жылля не будзе, то тады патрэбны заробак ад 2000$ і медыцынская страхоўка, - кажа дзяўчына.