ЗША перакінулі марскіх пяхотнікаў у Балтыку
7- 21.02.2025, 16:20
- 4,418

Для аховы кабеляў.
Атрад з прыкладна 40 марскіх пяхотнікаў ЗША прыбудзе ў Фінляндыю для ўдзелу ў аперацыі NATO Baltic Sentry («Балтыйскі вартавы») для аховы падводнай крытычна важнай інфраструктуры, паведамілі ў вайскова-марскіх сілах (ВМС) Фінляндыі.
Плануецца, што амерыканскія марскія пяхотнікі будуць супрацоўнічаць з берагавой аховай краіны і выкарыстоўваць для назірання за акваторыяй Балтыйскага мора беспілотнікі. Такое ўзаемадзеянне з узброенымі сіламі ЗША стане першай аперацыяй у рамках Пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне абароны (DCA) паміж Хельсінкі і Вашынгтонам, якое набыло моц 1 верасня 2024 года, адзначылі ў ВМС Фінляндыі.
Паўночнаатлантычны альянс пачаў аперацыю Baltic Sentry 14 студзеня праз пачашчэнне абрыву падводных кабеляў на дне Балтыйскага мора. Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведамляў, што яна разлічаная на 90 дзён, але можа працягнуцца і даўжэй. У рамках аперацыі Польшча і Эстонія дазволілі сваім вайскова-марскім флатам рэагаваць на патэнцыйныя пагрозы сілай і спыняць судны, якія яны палічаць датычнымі да інцыдэнтаў у сваіх тэрытарыяльных водах.
З канца мінулага года на Балтыцы адбылося некалькі абрываў электра-і тэлекамунікацыйных кабеляў. У лістападзе пашкоджанні атрымаў кабель C-Lion 1 фінскай дзяржкампаніі Cinia, які злучае Фінляндыю і Нямеччыну. Тады ў гэтым западозрылі кітайскае судна Yi Peng 3. Гэты ж сухагруз звязваюць з абрывамі падводных тэлекамунікацый паміж Літвой і Швэцыяй: BCS East-West Interlink 18 лістапада і NordBalt 14 студзеня.
25 снежня быў пашкоджаны кабель Estlink 2, па якім электрычнасць паступала з Фінляндыі ў Эстонію. Паводле падазрэння ў датычнасці да гэтага быў затрыманы нафтавы танкер Eagle S, які рухаўся з Санкт-Пецярбурга ў егіпецкі Порт-Саід. 26 студзеня Латвія і Швэцыя паведамілі аб пашкоджанні оптавалаконнага кабелю, які ідзе з Венспілса на Готланд. У рамках расследавання было затрыманае судна Vezhen балгарскай кампаніі Navigation Maritime Bulgare, зарэгістраванае на Мальце. Яно вязло ўгнаенні з порта Усць-Луга Ленінградскай вобласці ў Паўднёвую Амерыку. Апошні выпадак абрыву кабелю адбыўся 20 лютага - зноў быў пашкоджаны C-Lion 1, паведаміла берагавая ахова Швэцыі.