Духоўнік Пуціна прадказаў падзенне РФ
72- 22.02.2025, 14:08
- 35,456

І запатрабаваў забраць у Турцыі Канстанцінопаль.
Мітрапаліт Сімферопальскі і Крымскі РПЦ Ціхан Шаўкуноў, які ўважаецца за духоўніка дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна, нечакана выставіў тэрытарыяльныя прэтэнзіі краіне NATO – Турцыі, піша «Дыялог.UA».
Шаўкуноў уважаецца за самага ўплывовага клірыкам Рускай праваслаўнай царквы і адным з галоўных кандыдатаў на пасаду новага патрыярха. Ён вельмі блізкі да Пуціна і, як выявілася, падзяляе яго погляды ў стаўленні да Захаду і NATO.
Шаўкуноў нечакана раскрытыкаваў спробу ўладаў РФ дамовіцца наконт Украіны са Злучанымі Штатамі. На думку мітрапаліта, гэта прывядзе краіну да паўтарэння 1917 года, калі распалася Расейская імперыя.
Ён рэзка выказаўся на адрас украінскага лідара Уладзіміра Зяленскага, а таксама выступіў за анэксію турэцкага Канстанцінопаля.
«Многія нашы кіраўнікі акрыялі духам пасля сустрэчы з амерыканцамі. Але ўсе вялікія праваслаўныя імперыі - Візантыя і царская Расея – абрынуліся праз інтрыгі лацінян, Захаду. Бог захаваў нам Расею, падняў яе з каленяў не для таго, каб мы зноў схіліліся перад Захадам. А я бачу, што шмат хто ўжо хоча быць падманутымі, і нам пагражае раскол элітаў, як у 1917 годзе… Пакуль нас спакушае Амерыка, сын Сатаны Зяленскі пляце свае інтрыгі ў Турцыі, там, дзе святы Канстанцінопаль. Ці не гэта насмешка Сатаны? Але мы не дамо яму святкаваць перамогу. І веру, што і Канстанцінопаль вернецца ў родную гавань, як і Крым», - заявіў Шаўкуноў.
Уважаецца, што Шаўкуноў не толькі блізкі да Пуціна, але і ўздзейнічае на погляды і некаторыя пастановы дыктатара. Іх знаёмства пачалося ў канцы 1990-х гадоў, і з таго часу яны падтрымліваюць цесныя стасункі. Некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што пазнаёміў іх бізнэсовец Сяргей Пугачоў.