22 лютага 2025, Субота, 22:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ва Украіне Трампу жорстка адказалі «не»

32
«Ва Украіне Трампу жорстка адказалі «не»

Заявы ўкраінскіх палітыкаў усяляюць аптымізм.

Некалькі дзён запар мы назіраем жорсткую рыторыку прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на адрас Украіны. Што стаіць за такімі заявамі? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім ваенна-палітычным аглядальнікам групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандрам Каваленкам:

- Трэба разумець, што Дональд Трамп не з'яўляецца прафесійным палітыкам. У першую чаргу ён бізнэсовец, таму яму не ўласцівыя ўсе гэтыя напышлівыя дыпламатычныя заявы, якая-небудзь паліткарэктнасць і да таго падобнае. Ён дзейнічае як бізнэсовец, але яго падчас першай кадэнцыі яшчэ стрымлівала асяроддзе.

Зараз у асяроддзі Трампа нямала людзей, якія не з'яўляюцца прыроджанымі палітыкамі, а хутчэй тымі, хто займаўся больш хайпам, чым палітыкай. Таму элемента стрымлівання і балансавання побач з Дональдам Трампам зараз няма.

Але асаблівая хваля заяваў, якія мы зараз чуем на адрас Украіны ад Дональда Трампа, каталізавалася тады, калі Злучаныя Штаты атрымалі ад Уладзіміра Зяленскага адмову на падпісанне кантракту, які меркаваўся па рэдказямельных металах.

Украіна прапанавала адзін з варыянтаў супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі, гэта выкарыстанне ўкраінскіх радовішчаў і рэсурсаў на роўных правах, на аснове інвестыцый. Гэта значыць, прыярытэт у пытаннях выведкі і здабычы рэсурсаў з нетраў Украіны аддаваўся б амерыканскім кампаніям. Але, як і належыць, меліся на ўвазе роўныя правы, роўныя долі, а не тое, што прапанаваў Белы дом.

А Белы дом прапанаваў практычна рабаўладальніцкія ўмовы з доўгатэрміновым кантролем рэсурснай базы Украіны. Мы на такое ніколі не пойдзем. Але Дональд Трамп думаў, што можа вельмі хутка ўкласці для сябе проста фенаменальную ўгоду на кантроль украінскіх рэсурсаў, пры гэтым для самой Украіны асабліва яшчэ нічога і не зрабіў. І, вядома ж, гэтая адмова яго абурыла, я б нават сказаў больш - ён ашалеў.

Таму зараз Дональд Трамп нашпігаваны жоўцю, ён не дасягнуў якіх-небудзь сур'ёзных поспехаў у тых гучных заявах, якія рабіліся нашмат раней. Пытанне з Грэнландыяй абсалютна не развязанае, Панамскі канал скончыўся для Дональда Трампа таксама фіяска. Канада, якая павінна была стаць 51-м штатам ЗША, зараз кансалідавалася, і калі на хакейных матчах гучыць гімн ЗША, канадцы ва ўнісон проста яго асвістваюць.

Адзінае, чаго дасягнуў Дональд Трамп, гэта пераназваў Мексіканскую затоку ў Амерыканскую. Вось гэта галоўнае яго дасягненне за гэты мінулы месяц. Ну і, вядома ж, ва Украіне Дональду Трампу жорстка адказваюць «не» на яго немэтазгодныя і нерацыянальныя прапановы. І гэта свайго кшталту фіяска.

Для Дональда Трампа гэта месяц рэпутацыйных страт, а не нейкіх дасягненняў. Ну, калі, вядома ж, не лічыць перайменаванне на геаграфічнай мапе затокі.

- Ці можа Еўропа прыняць на сябе тую дапамогу Украіне, якую надавалі ЗША?

- Вядома ж, патэнцыял Еўропы ніжэйшы, чым патэнцыял ЗША. Дагэтуль, на трэці год вайны, поўнамаштабнай і самай крывавай, якая адбываецца на еўрапейскай частцы кантынента пасля Другой сусветнай, Еўропа так і не выйшла са спячкі.

Яе вайскова-прамысловы комплекс, прадпрыемствы, не выйшлі на той узровень, на якім знаходзяцца нават некаторыя вайскова-прамысловыя прадпрыемствы Украіны. Ёсць некаторыя катэгорыі, якія мы цягам месяца, цягам года вырабляем больш, чым усе вайскова-прамысловыя прадпрыемствы Еўропы за год.

Зараз для Еўропы заявы Трампа як халодны душ. І яна будзе, я думаю, актывізавацца ў гэтым кірунку. Пагатоў, што апошнія заявы той самай Аналены Бэрбок і Ўрсулы фон дэр Ляен матывуюць, і гэта пазітыў, што Еўропа будзе імкнуцца дапамагаць Украіне больш.

А пры гэтым варта разумець, што расейскае войска на сёння - гэта ўжо не тое войска, якое было ў 2022-м, 2023-м і нават 2024-м гадах. Магчымасці расейскага войска цяпер значна меншыя, яно знясіленае, яно аслабленае. І калі казаць аб спыненні падтрымкі Украіны з боку Злучаных Штатаў, то ў нас ужо быў такі прэцэдэнт. У 2023-м годзе, у кастрычніку, трампісцкае крыло рэспубліканцаў у Кангрэсе стала блакаваць дапамогу Украіне. І гэтае блакаванне было цягам паўгода.

Гэтыя паўгода мы выдужалі, гэта быў вельмі складаны перыяд, але мы выдужалі. І тады было нашмат складаней, чым зараз. Таму Злучаныя Штаты, вядома, могуць зрабіць такі фінт вушамі. Але я не думаю, што ад гэтага Украіна пацярпіць больш, чым пацярпяць двухбаковыя дачыненні паміж Украінай і ЗША, што не выгодна самім жа ЗША. Зноў жа, як можна зрабіць Амерыку зноў вялікай, калі ты апускаеш сваю краіну ва ўсё больш і больш глыбокі ізаляцыянізм? А менавіта такім шляхам зараз і ідзе Дональд Трамп.

- Хто ў гэтай сітуацыі будзе ключавым хаўруснікам Украіны?

- У першую чаргу - Еўрапейскі Звяз. Там, вядома, ёсць паршывыя авечкі ў выглядзе Віктара Орбана і Фіцо, але агулам я разглядаю ЕЗ кансалідавана.

З іншага боку, ёсць і іншыя імавернасці, назавем гэта так, нават на азіяцкім плацдарме. Азіяцкі плацдарм, блізкаўсходні плацдарм, цалкам магчыма, што могуць узнікнуць і новыя хаўрусніцкія ланцужкі, якія не ўзнікалі раней.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках