Forbes: УСУ спынілі і адкінулі расейскую групоўку «Цэнтр» пад Пакроўскам
9- 23.02.2025, 10:38
- 10,482

Расейцы панеслі страты ў тэхнікі ў суадносінах 3:1.
Маштабны наступ расейскіх войскаў набліжаецца да заканчэння. І, магчыма, толькі ўмяшанне ЗША супраць Украіны магло б змяніць нестабільнае становішча расейцаў, піша Forbes.
Цягам года пасля захопу руінаў Аўдзееўкі на ўсходзе Украіны аператыўная групоўка войскаў «Цэнтр», – адна з шасці такіх груповак уздоўж лініі фронту – павольна рухалася ў бок горада-крэпасці Пакроўск, размешчанага прыкладна за 50 км на захад.
Сілы гэтай групоўкі, колькасцю не менш за 50 тысячаў вайскоўцаў, большасць з якіх уваходзяць у склад 41-й агульнавайсковай арміі, нарэшце дасягнулі наваколляў Пакроўска.
Аднак гэта каштавала ім дзясяткаў тысячаў салдатаў і страты не менш як 2200 адзінак тэхнікі, уключаючы Т-80, які згарэў у гэтыя выходныя.
Паводле словаў галоўнага камандзіра УСУ генерала Аляксандра Сырскага, толькі ў студзені ў раёне Пакроўска было «нейтралізавана» блізу 15 тысячаў расейскіх вайскоўцаў.
Украінскія страты ў гэтым сектары значна меншыя пасля адступлення пашкоджаных брыгадаў з Аўдзееўкі ў лютым летась.
Аналітык Naalsio падлічыў, што на Пакроўскім кірунку было знішчана, пашкоджана або захоплена 2300 адзінак расейскай тэхнікі, у той час як украінскія страты склалі толькі 700 адзінак. Гэта сведчыць пра суадносіны больш за тры да аднаго на карысць Украіны.
Вялікія страты тлумачаць, чаму расейскія войскі змаглі прасунуцца да Пакроўска, але не захапіць яго. Гэты горад з'яўляецца ключавым умацаваным пунктам у доўгім ланцугу фартыфікацый, якая распасціраецца на поўнач да Харкава.
«Аператыўная групоўка ворага «Цэнтр» на Пакроўскім кірунку цягам трох дзён не прасоўвалася ні на адным з кірункаў і была вымушаная адступіць з раней занятых пазіцый на некалькіх кірунках», – паведамілі ва Украінскім цэнтры абаронных стратэгій.
«41-я агульнавайсковая армія не ў стане прадаўжаць наступ на поўнач і паўночны захад для выканання асноўнай задачы – ахапіць Пакроўск з захаду і перакрыць шлях на Паўлаград».
Сутыкнуўшыся з цяжкасцямі, расейскія камандзіры звяртаюць увагу на іншыя кірункі. «Асноўную ўвагу расейскае камандаванне на тэатры ваенных дзеянняў засяроджвае не на Пакроўску, а на бліжэйшых Навапаўлаўскім і Тарэцкім кірунках», – адзначаюць у ЦДС.
Акрамя таго, 41-я армія можа страціць свае наймацнейшыя падраздзяленні, паколькі 90-ю танкавую дывізію верагодна перакінуць з Пакроўскага кірунку на поўдзень, у бок Андрэеўкі, дзе расейскія войскі дасягнулі пэўных тактычных поспехаў, паводле звестак CDS.
Гэтая сітуацыя з'яўляецца негатыўным сігналам для расейскай вайсковай кампаніі, паколькі адзін з яе галоўных наступаў страчвае дынаміку. У той самы час станоўчым для расейцаў з'яўляецца тое, што іх камандзіры дэманструюць гатоўнасць адаптавацца да змен.