Аўстралія і Новая Зеландыя ўвялі найбуйнейшыя пакеты санкцый супраць РФ
- 24.02.2025, 10:30
- 2,494

У чорным спісе і фізічныя, і юрыдычныя асобы.
Улады Аўстраліі да трэцяй гадавіны поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну ўвялі санкцыі супраць 70 фізічных асоб і 79 звязаных з Расеяй арганізацый, піша The Moscow Times.
Ва ўрадзе краіны адзначылі, што гэта "самы буйны пакет" абмежаванняў, які Аўстралія зацвердзіла з лютага 2022 года. Новыя санкцыі накіраваныя супраць прызначаных Расеяй уладаў у акупаваных рэгіёнах Украіны, у тым ліку "так званых міністраў, суддзяў і пракурораў". Таксама абмежаванні ўведзены ў дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб, якія "ўдзельнічаюць у паглыбленні вайсковага супрацоўніцтва паміж Расіяй і Паўночнай Карэяй". Акрамя таго, пад санкцыі патрапілі прадпрыемствы абароннага, транспартнага і фінансавага сектараў Расеі.
«Цяпер Аўстралія ўвяла больш за 1 400 санкцый у адказ на поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну. Урад прыняў смелыя меры для таго, каб аўстралійцы ненаўмысна не падсілкоўвалі вайсковую эканоміку Расеі», - гаворыцца ў паведамленні аўстралійскага ўрада. Канбера зноў заклікала Маскву неадкладна спыніць вайну і ў поўнай меры выконваць свае абавязанні ў міжнародным праве, у тым ліку ў дачыненні да абароны цывільнага насельніцтва і абыходжання з вайсковапалоннымі.
Таксама санкцыі, прымеркаваныя да трэцяй гадавіны пачатку вайны, увяла Новая Зеландыя. Са звестак МЗС краіны, абмежаванні закранулі 27 фізічных і 25 юрыдычных асоб. У іх лік патрапілі кампаніі з Расеі, звязаныя з экспартам энэрганосьбітаў, і чыноўнікі з Паўночнай Карэі, якія маюць дачыненне да надання дапамогі Маскве. Усяго з лютага 2022 года Новая Зеландыя ўнесла ў чорны спіс больш за 1 700 фізічных і юрыдычных асоб, а таксама прыняла шэраг гандлёвых абмежаванняў у дачыненні да Расеі.