У Кобрыне развязалі праблему з электрычнасцю
1- 24.02.2025, 14:29

Святло вярнулася ў сотні дамоў гараджан.
Электразабеспячэнне Кобрына поўнасцю адноўленае, паведаміла Мінэнэрга.
Тэхналагічны збой у працы абсталявання адбыўся на адной з падстанцый (ПС-110 "Кобрын-Заходняя") а 4 гадзіне раніцы 24 лютага. Святло знікла ў большай частцы горада.
"У выніку аператыўных пераключэнняў большая частка спажыўцоў забяспечаная і электразабеспячэнне ў дамах адноўленае", – паведамілі пазней энэргетыкі.
Са звестак ратавальнікаў, без святла заставаліся паўтысячы прыватных дамоў. Для забеспячэння працы кацельні падлучылі дызельны генератар. Генератары ўключалі ў школе і дзіцячым садку.
Пра тое, што "энэргазабеспячэнне ўсіх спажыўцоў" поўнасцю адноўленае, Міністэрства энэргетыкі паведаміла а 13:26.
Генеральны дырэктара "Брэстэнэрга" Мікалай Водзіч удакладніў, што Кобрын раніцай быў і без цяпла. Яго падачу аднавілі толькі а 9:00. Святло ва ўсіх дамах з'явілася да 12:00. Са слоў Вадзіча, прычыну здарэння высветліць камісія.
Кацельня часова працуе на дызельным генератары. Тамака ідуць працы.