Вялікая Брытанія абвясціла пра найбуйнейшы пакет санкцый супраць РФ
2- 24.02.2025, 20:16
- 2,788

Новыя штрафныя захады накіраваныя на расейскую ваенную машыну.
У трэція ўгодкі поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну ўрад Вялікай Брытаніі прапанаваў найбуйнейшы з 2022 года пакет санкцый у дачыненні да Расеі. Новыя штрафныя захады накіраваныя на «расейскую ваенную машыну, арганізацыі з трэціх краінаў, якія падтрымліваюць яе, а таксама нестабільныя сеткі паставак, на якія яна абапіраецца», заявіў МЗС у Лондане ў панядзелак, 24 лютага.
Прыняцце найбуйнейшага за апошнія амаль тры гады пакету санкцый «падкрэслівае прыхільнасць Вялікай Брытаніі Украіне», заявіў міністр замежных справаў Дэвід Лэмі. «Кожны перарваны ланцужок ваенных паставак, кожны заблакаваны рубель і кожны раскрыты суўдзельнік пуцінскай агрэсіі – гэта крок да справядлівага і трывалага міру», – дадаў ён.
Вытворцы і пастаўшчыкі з трэціх краінаў, а таксама «новыя» клептакраты.
У пакет уключаныя вытворцы і пастаўшчыкі абсталявання для расейскага ваеннага сектара з трэціх краінаў, у тым ліку цэнтральнаазіяцкія дзяржавы, Турцыю, Тайланд, Індыю і Кітай, а таксама расейскія кампаніі і бізнэсмэны. Новыя захады таксама накіраваныя супраць атрымання прыбыткаў у падтрымку распачатай Пуціным незаконнай вайны і на 14 «новых клептакратаў», якія прыносяць прыбытак Крамлю.
Сярод іншага санкцыі закранулі вытворцаў і пастаўшчыкоў станкоў, электронікі і тавараў падвойнага прызначэння для расейскіх вайскоўцаў, уключаючы мікрачыпы, якія выкарыстоўваюцца ў сістэмах узбраення.
У санкцыйныя спісы таксама ўнесеныя яшчэ 40 нафтавых танкераў «ценевага флоту» Расеі, тым самым агульная колькасць такіх караблёў павялічылася да 133. Пад персанальныя санкцыі падпалі міністр абароны КНДР Но Гван Чхоль, іншыя паўночнакарэйскія генералы і высокапастаўленыя службовыя асобы, якія нясуць адказнасць за ўдзел у войнах.
У той самы дзень Еўразвяз абвясціў пра 16-ы пакет санкцый супраць Расеі. Новыя штрафныя захады ў дачыненні да Масквы ўвялі таксама Аўстралія і Новая Зеландыя. На стан студзеня 2025 года ў санкцыйных спісах Вялікай Брытаніі, якія былі прынятыя з пачатку вайны, значацца 1900 фізічных і юрыдычных асобаў, звязаных з уладамі РФ.