ААЭ паабяцалі інвеставаць у Італію $40 млрд
1- 24.02.2025, 21:28
- 1,860

Інвестыцыі будуць сканцэнтраваныя на ШІ, энэргетыцы і рэдказямельных элементах.
Аб'яднаныя Арабскія Эміраты інвестуюць у Італію $40 млрд. Пра гэта пасля першага ў гісторыі візіту ў Рым прэзідэнта ААЭ паведаміла прэм'ер-міністарка Італіі Джорджа Мелані.
«Сёння вельмі важны дзень, яшчэ адзін адпраўны пункт у нашых двухбаковых стасунках. Гэта ператворыць, здавалася б, далёкіх партнёраў з патэнцыйна разбежнымі інтарэсамі на партнёраў, якія пастановяць падзяліць вельмі важную частку свайго шляху разам», – цытуе Мелані агенцтва Bloomberg.
Запланаваныя інвестыцыі будуць сканцэнтраваныя, сярод іншага, на штучным інтэлекце, цэнтрах апрацоўкі звестак, аднаўляльных крыніцах энэргіі і рэдказямельных элементах.
Мелані таксама згадала пра абвешчаную ў студзені супольную ініцыятыву Італіі, Албаніі і ААЭ ў транспартаванні электраэнэргіі па падводным кабелі ў Адрыятыцы. Кошт угоды ацэньваецца на 1 млрд еўраў.
Акрамя таго, згодна з супольнай заявай, Італія і ААЭ будуць супрацоўнічаць у галіне абароны і бяспекі.
Як удакладніла Reuters, пасля сустрэчы Мелані і Мухамеда бен Заіда Аль Нахаяна было абвешчана пра падпісанне больш як 40 новых пагадненняў. У іх задзейнічаныя буйныя італьянскія кампаніі, такія як энэргетычная група Eni, самы буйны італьянскі банк Intesa SanPaolo, аператар сувязі Telecom Italia, вытворца зброі Leonardo.
Як адзначае агенцтва, з моманту ўступлення на пасаду прэм'еркі ў 2022 годзе Мелані імкнецца ўмацаваць сувязі Італіі з краінамі Персідскага заліва, ігнаруючы занепакоенасць наконт праблемаў з правамі чалавека, якую выказваюць палітычныя апаненты. Пад яе кіраўніцтвам Італія зняла эмбарга на продаж зброі ААЭ і Саудаўскай Аравіі, уведзенае папярэднімі ўрадамі праз вайну ў Емене.
У студзені Мелані падпісала пагадненне пра ўмацаванне стратэгічнага партнёрства з Саудаўскай Аравіяй, што суправаджалася справавымі пагадненнямі памерам блізу $10 млрд.