25 лютага 2025, aўторак, 12:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка ўстурбаваўся

12
Лукашэнка ўстурбаваўся

Пад пагрозай - цэлыя галіны беларускай эканомікі.

Скасаванне заходніх санкцый супраць Расеі наўрад ці пойдзе Беларусі на карысць, мяркуе Аляксандр Лукашэнка. Бо скасаванне санкцый азначае вяртанне ў Расею заходніх кампаній і ўзмацненне канкурэнцыі для беларускіх тавараў на расейскім рынку. Зазнаюць усе. Але некаторыя беларускія прадпрыемствы і цэлыя галіны зазнаюць больш за іншыя. Акурат тыя, хто больш за ўсіх здабыў ад увядзення санкцый, расказвае экспэрт партала «Белорусы и рынок» Фелікс Мірскі.

За 2022 год беларускі экспарт у Расею падскочыў на 40%. У 2023 годзе дадаў яшчэ 9 адсоткаў. За 2024 года вырас на 6 адсоткаў. Але ўсё добрае калі-небудзь заканчваецца.

«Мяняецца сітуацыя. Дзесьці, напэўна, нам на карысць, дзесьці наўрад ці, калі туды (дамовяцца Пуцін і Трамп) вернуцца ўсе гэтыя замежныя кампаніі - спачатку амерыканскія, а потым іншыя - еўрапейскія. Будзе няпроста канкурыраваць на нашым рынку», - сказаў Аляксандр Лукашэнка 21 лютага.

Таму што прычынай поспехаў беларускіх тавараў на расейскім рынку была не іх легендарная якасць. Для беларускіх вытворцаў падарункам лёсу быў сыход з Расеі заходніх кампаній. Беларускія тавары шунулі на рынак, на якім у іх раптоўна не засталося канкурэнтаў.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне расейскія пакупнікі засталіся практычна без імпартных аўтамабіляў. Прынамсі, без звыклых брэндаў. З Расеі сышлі Audi, BMW, Ford, Mazda, Mercedes-Benz і яшчэ пару дзясяткаў кампаній. Але тут як тут з’явіўся беларускі завод «БелДжы».

У 2022 годзе завод вырабіў усяго 25 тысяч аўтамабіляў. У 2023 годзе вытворчасць вырасла да 68 тысяч. З іх у Беларусі было прададзена толькі 15. Усё астатняе пайшло на расейскі рынак. У 2024 годзе «БелДжы» вырабіў і прадаў 90 тысяч аўто, з якіх на ўнутраны рынак пайшло толькі 25 тысяч. Агульны кошт экспарту завода ў Расею за мінулы год склаў мільярд даляраў.

«З прычыны таго, што на рынку быў вельмі добры попыт, мы працавалі без выходных, па 12 гадзін на дзень», - прызнаўся дырэктар завода Генадзь Свідзерскі.

Але не толькі легкавікі. Іншым беларускім машынабудаўнікам сыход канкурэнтаў таксама пайшоў на карысць. Аб'ёмы экспарту БелАЗа ў Расею летась склалі 900 млн даляраў. МАЗ і МТЗ экспартавалі не толькі аўто, але і запчасткі да іх на 500 млн даляраў кожны.

Яшчэ ў 2021 годзе Беларусь імпартавала мікрасхемы з Расеі на 24 млн даляраў. Бо беларускія мікрасхемы не карысталіся вялікім попытам нават у Беларусі. А ўжо за 2024 год экспарт беларускіх мікрасхем у Расею склаў 125 млн даляраў. Таму што ва ўмовах дэфіцыту імпартных чыпаў выбіраць не даводзіцца. Самыя вялікія ў свеце мікрасхемы таксама спатрэбяцца.

Аб'яднанне «Атлант» за 2021 год панесла страты на 30 млн беларускіх рублёў. Але потым пачалася вайна, і расейскі рынак пакінулі заходнія вытворцы бытавой тэхнікі. За 2022 год «Атлант» прадаў у Расеі ўжо 245 тысяч лядоўняў.

Праўда, шчасце было нядоўгім. Вытворцы з непрыязных краін хутка апамяталіся, і высветлілася, што лядоўні «Атлант» дрэнна вытрымліваюць канкурэнцыю з кітайскімі. Ужо за 2023 год аб'ёмы продажаў беларускіх лядоўняў у Расеі скараціліся на 20 адсоткаў.

Каб выратаваць прадпрыемства, на ім тэрмінова памянялі дырэктара. Але, здаецца, гэта не надта дапамагло. Бо справа, канешне, не ў дырэктары, і «Атлант» стаў не адзіным пацярпелым.

Праблемы ў «Атланта» пачаліся раней, чым у многіх іншых, але на «Атланце» праблемы не скончыліся. Продажы грузавікоў МАЗ летась скараціліся на 11%. Дзель беларускіх трактароў на расейскім рынку знізілася да 10 адсоткаў. Вытворчасць камбайнаў на «Гомсельмашы» скарацілася на 30% праз падзенне продажаў у Расеі.

«Мне паведамляюць, што сёння айчынная прадукцыя саступае аналагам як у кошце, так і ў якасці. Кошты яшчэ вытлумачальныя. Але чаму якасць?» - скардзіўся Лукашэнка на нарадзе яшчэ ў пачатку мінулага года.

Але пакуль беларускім таварам даводзіцца канкурыраваць у асноўным з кітайскімі. Паўнавартаснае вяртанне заходніх вытворцаў абяцае беларускаму экспарту цяжкія часы.

Таму што ў поспеху беларускіх тавараў у Расеі ёсць адваротны бок. Яго кошт - татальная залежнасць беларускіх вытворцаў ад расейскага рынку.

«БелДжы» прадае ў Расеі 75% сваіх аўто. У «Гомсельмаша» ў Расею ідзе 85-87% вырабленых камбайнаў. У продажах Беларускага металургічнага завода дзель Расеі яшчэ некалькі гадоў таму складала 40 адсоткаў. Па выніках мінулага года яна вырасла да 60 адсоткаў. З 9 млрд даляраў экспарту беларускіх прадуктаў харчавання за мінулы год на Расею прыпала не менш як 6,5 млрд.

Нядзіўна, што перспектыва скасавання заходніх санкцый супраць Расеі беларускія ўлады не надта радуе. Усялякае ўзмацненне канкурэнцыі на расейскім рынку пагражае беларускай вытворчасці вялікімі непрыемнасцямі. Бо Расея вялікая, а падзець беларускія тавары можа так стацца, што не будзе куды.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках