Макрон дапусціў заканчэнне баёў ва Украіне праз некалькі тыдняў
6- 25.02.2025, 10:30
- 6,048

Прэзідэнт Францыі зрабіў заяву пасля сустрэчы з кіраўніком Белага дома ў Вашынгтоне.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон падтрымаў пастанову амерыканскага лідара Дональда Трампа пачаць перамовы з Расеяй наконт Украіны.
"У прэзідэнта Трампа ёсць важкія прычыны аднавіць кантакты з прэзідэнтам [РФ Уладзімірам] Пуціным", – сказаў Макрон пасля сустрэчы з кіраўніком Белага дома ў Вашынгтоне.
Ён адзначыў, што з прыходам новай адміністрацыі ЗША адбыліся "вялікія перамены" і "надышоў новы кантэкст".
Паводле ягоных слоў, усе хочуць "хуткай угоды [аб завяршэнні вайны], але не далікатнай". Пры гэтым Макрон дапусціў, што баявыя дзеянні могуць закончыцца на працягу найбліжэйшых некалькіх тыдняў. "Я спадзяюся на гэта", - адзначыў ён.
Разам з тым французскі прэзідэнт нагадаў, што папярэднікі Трампа яшчэ ў 2014 годзе, калі Расея справакавала вайну ў Данбасе, вялі мірныя перамовы з расейскім прэзідэнтам і ўклалі менскія пагадненні.
"Але праз адсутнасць гарантый, і асабліва гарантый бяспекі, прэзідэнт Пуцін парушыў гэты мір", – сказаў Макрон.
Ён адзначыў, што "быць моцным і валодаць патэнцыялам стрымлівання - гэта адзіны спосаб быць упэўненым, што да вас будуць ставіцца з павагай".
Паводле ягоных слоў, 30 краін гатовы ўдзельнічаць у гарантаванні бяспекі Украіны, але ім спатрэбіцца падтрымка ЗША.
Трамп, у сваю чаргу, таксама дапусціў, што вайна ва Украіне можа скончыцца на працягу некалькіх тыдняў, "калі мы будзем разумныя".
"Калі не будзем разумныя, гэта будзе працягвацца, і мы будзем працягваць страчваць маладых, прыгожых людзей, якія не павінны паміраць", – сказаў амерыканскі прэзідэнт.
Ён дадаў, што не хоча дапускаць далейшую эскалацыю канфлікту і пачатку трэцяй сусветнай вайны.
“Надыдзе момант, калі вайна ўжо не абмяжуецца гэтымі дзвюма краінамі. У яе будуць уцягнуты іншыя краіны. І гэта сапраўды можа прывесці да вельмі вялікай вайны - трэцяй сусветнай вайны. Мы не дазволім гэтаму здарыцца”, - сказаў Трамп.
Ён адзначыў, што Пуцін не пярэчыць супраць адпраўкі ва Украіну еўрапейскіх міратворцаў пасля заканчэння баявых дзеянняў. “Я задаваў яму гэтае пытанне. <…> Я пытаўся ў яго канкрэтна пра гэта. У яго з гэтым няма праблем”, - сказаў Трамп.