ЦСД: Пуцін распрадае рэсурсы Расеі пасля правалу вайны
4- 25.02.2025, 16:36
- 4,870

Крэмль сёння вымушаны ісці на саступкі мацнейшым гульцам.
Уладзімір Пуцін пачаў вайну супраць Украіны, спадзеючыся на хуткую перамогу, якая павінна была забяспечыць РФ статус «лідара шматпалярнага свету». Аднак замест трыумфу Расея ўгразла ў знясільваючым канфлікце, што прывяло да яшчэ большай яе залежнасці ад Кітая.
Пра гэта заявіў кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзінфармацыі пры РНБА Андрэй Каваленка.
З яго слоў, Крэмль сёння вымушаны ісці на саступкі мацнейшым гульцам, бо вайна вычарпала ўсе іншыя рэсурсы.
«Расея ў канчатковым выніку заплаціць за гэтую вайну ўласнымі рэсурсамі», - падкрэсліў Каваленка.
Ён адзначыў, што яшчэ ў 1997 годзе амерыканскі палітолаг Збігнеў Бжэзінскі папярэджваў аб рызыцы поўнай залежнасці Расеі ад Кітая і Ірана. Сёння гэты сцэнар становіцца рэальнасцю: Масква ўжо не раўнапраўны хаўруснік, а толькі сыравінны прыдатак і рынак збыту для Пекіна.
Каваленка падкрэсліў, што заявы Пуціна аб магчымых пастаўках рэдказямельных металаў ЗША - гэта зусім не тое, за што ваяваў «расейскі салдат». Расейскія салдаты верылі, што змагаюцца супраць НАТА, а насамрэч гінулі за тое, каб Пуцін мог распрадаць расейскія рэсурсы Захаду і Кітаю.
Украіна ж, насуперак чаканням Крамля, не толькі выстаяла, але і мае адно з наймацнейшых войск у свеце. Каваленка падкрэсліў, што ніводны захоп украінскіх тэрыторый ніколі не будзе юрыдычна прызнаны, і рана ці позна Украіна адновіць кантроль над усёй сваёй зямлёй.
«Расея замест таго, каб быць мостам паміж Кітаем і Захадам, ператварылася ў поле бітвы за ўласныя рэсурсы», - падсумаваў прадстаўнік РНБА.