25 лютага 2025, aўторак, 19:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ландсбэргіс заклікаў Украіну не падпісваць ніякіх дамоў з ЗША

6
Ландсбэргіс заклікаў Украіну не падпісваць ніякіх дамоў з ЗША
Габрыэлюс Ландсбэргіс

Трамп апынуўся ў пастцы свайго жадання дасягнуць хуткай мірнай дамовы.

Былы міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбэргіс у вялікім інтэрв'ю «Украінскай праўдзе» заявіў, што еўрапейцы ўжо страцілі ЗША, з гэтым трэба прызвычаіцца жыць, у тым ліку Украіне.

Журналісты спыталі ў палітыка, ці згодны ён з тэзай, што «мы страцілі ЗША?»

- Я б сказаў інакш: нам зараз трэба рыхтавацца да барацьбы з Расеяй ва ўмовах, калі ЗША больш арыентаваныя на Расею, чым на нас. Я мяркую, што слова «страчаны» азначае нешта канчатковае, а гэтага зараз няма. Вы ведаеце, што на наступным тыдні мы можам убачыць у твітары прэзідэнта [ЗША] нешта, што прынцыпова супярэчыць яго цяперашнім заявам. Гэта цалкам магчыма, - мяркуе Габрыэлюс Ландсбэргіс.

На яго думку, у палітыцы Дональда Трампа, «няма дакладных мэт». Але гэта не самая вялікая праблема, мяркуе Ландсбэргіс.

- Самая вялікая праблема Трампа ў тым, што Пуцін ужо злавіў яго і злавіў у пастку. Трамп апынуўся ў пастцы свайго жадання дасягнуць хуткай мірнай дамовы. На што Пуцін адказаў: я магу зрабіць так, што вы атрымаеце хуткую ўгоду, калі астатняе не мае значэння. «Астатняе не мае значэння» азначае, што астатняе атрымлівае Пуцін. Гэта значыць, ён атрымлівае ўсё, - кажа палітык.

Тое самае можна сказаць і пра NATO. Незразумела, як NATO можа функцыянаваць з такой пазіцыяй, якую займаюць Злучаныя Штаты зараз, кажа палітык:

- Відавочна, што Пуцін падштурхоўвае Трампа да спынення вайсковай прысутнасці ЗША ў Еўропе. Я ніколі не сумняваўся, што ён папросіць аб гэтым. І калі Пуцін паставіць Трампу ўмову - «альбо вы выведзеце войскі з Еўропы, або вы не атрымаеце хуткай угоды», - то гэта зноў загоніць прэзідэнта Трампа ў пастку.

На пытанне, што рабіць Украіне ў гэтых варунках, палітык адказвае:

- Працягвайце змагацца і не бярыце на сябе ніякіх абавязацельстваў.

Не падпісвайце ніякіх пагадненняў з ЗША. Не згаджайцеся ні на ўгоды па мінеральных рэсурсах, ні на палітычныя пагадненні - ні за што.

Нават калі Трамп вас шантажуе, падумайце, што пастанова за вамі. Ваш найлепшы козыр - гэта сіла, якую ўжо прадэманстравалі ўкраінцы.

У той жа час было б разумна падрыхтавацца да цяжэйшых часоў. Бо я ўпэўнены: калі Украіна і Еўропа адмовяцца ад угоды Трампа, Пуцін пойдзе на эскалацыю.

Больш за тое, відавочна, што ў гэтым выпадку Трамп можа скараціць амерыканскую дапамогу як Украіне, так і Еўропе агулам, - мяркуе Ландсбэргіс.

На ягоную думку, сітуацыя не безнадзейная, Еўропа мае рэсурсы, каб дапамагчы Украіне. У тым ліку, гэта замарожаныя расейскія актывы.

— Свет зараз вельмі хутка мяняецца. Напрыклад, будучы канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мерц у сваім першым інтэрв'ю пасля выбараў фактычна сказаў, што яго мэта - падрыхтаваць Еўропу да барацьбы без ЗША. Такім чынам, нават Нямеччына, краіна з моцнымі пасляваеннымі сувязямі са Злучанымі Штатамі і дзесяцігоддзямі агульнай гісторыі з ЗША, будзе мець урад, які скажа: усё скончанае. І Украіна таксама павінна гэта ўсвядоміць, - кажа ён.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках