Буданаў распавёў, ці верыць у працяглы мір
7- 25.02.2025, 19:07
- 4,862

Расея, не дасягнуўшы мэты ў вайне з Украінай, імкнецца атрымаць паўзу.
Начальнік Галоўнай управы выведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў заявіў, што верыць у выкананне Расеяй спынення агню ў 2025 годзе, але не ў працяглы, стабільны мір. Такое меркаванне ён выказаў падчас спецыяльнай сустрэчы YES у Кіеве «Тры гады - Час Перамагаць», якая адбылася ў трэцюю гадавіну поўнамаштабнага ўварвання расейскіх войск ва Украіну, яго апублікавалі на сайце YES 25 лютага.
«У спыненне агню я веру, ва ўстойлівы доўгі мір - я пакіну гэта пад сумневам, але няхай гэта будзе маё асабістае меркаванне. Чаму менавіта так - тлумачэнне вельмі простае: стратэгічная мэта Расейскай Федэрацыі нязменная і яна не можа дасягнуць цяпер сваёй мэты. Таму відавочна, што яна будзе далей шукаць шляхі, як яе дасягаць», - сказаў Буданаў.
Кіраўнік выведкі мяркуе, што РФ будзе выкарыстоўваць «усе метады працы», у тым ліку гібрыдныя пагрозы, якія могуць «у кожны момант перарасці ў поўнамаштабную вайну».
«Аднак у рэжым спынення агню я веру, гэта абсалютна рэальна», - падкрэсліў ён.
Сёння, з яго слоў, Расея, не дасягнуўшы мэты ў вайне з Украінай, імкнецца атрымаць паўзу, каб аднавіць сілы, зрабіць працу над памылкамі і прадоўжыць рэалізацыю сваёй стратэгічнай мэты.
«Так, я не буду казаць нейкія незразумелыя рэчы аб тым, што Расеі нічога не ўдаецца, што ў іх усё дрэнна. Гэта не так. Яны рухаюцца наперад. Гэты рух не такі ўжо значны і недастатковы для дасягнення стратэгічнай цэлі, таму ім патрэбная паўза. Ім патрэбная паўза, каб аднавіць свае сілы. Здзейсніць працу над памылкамі. Паспрабаваць дэстабілізаваць сітуацыю тут унутры, і тады ў іх з'яўляецца новае акно магчымасцяў для дасягнення сваёй стратэгічнай мэты», - адзначае Буданаў.