Мерца амаль аднагалосна пераабралі кіраўніком фракцыі ХДЗ/ХСЗ
2- 25.02.2025, 20:05
- 1,772

Неўзабаве ён можа стаць наступным канцлерам Нямеччыны.
Парламенцкая фракцыя ХДЗ/ХСЗ у аўторак, 25 лютага, амаль аднагалосна пераабрала сваім старшынёй Фрыдрыха Мерца, які неўзабаве можа стаць наступным канцлерам Нямеччыны, паведамляе газета FAZ.
Адзначаецца, што Мерц атрымаў 98% галасоў прысутных на першым пасля выбараў у Бундэстаг паседжанні фракцыі. Усяго было пададзена 205 галасоў: 201 – за, чатыры – супраць.
Раней Мерц ужо ўзначальваў фракцыю нямецкіх кансерватараў у 2000–2002 гадах, а ў 2022-м зноў вярнуўся на гэтую пасаду, атрымаўшы 89,5% галасоў.
Палітык з'яўляецца кандыдатам у канцлеры ад ХДЗ/ХСЗ, і ў выпадку паспяховага фармавання кааліцыі кансерватарам давядзецца выбраць новага лідара фракцыі.
Акрамя таго, у аўторак дэпутаты падтрымалі падаўжэнне альянсу парламенцкай групы ХДЗ/ХСЗ.
24 лютага лідар Хрысціянска-дэмакратычнага звязу (ХДЗ) Фрыдрых Мерц, чыя партыя перамагла на парламенцкіх выбарах у Нямеччыне, заявіў пра намер правесці кааліцыйныя перамовы з сулідарам Сацыял-дэмакратычнай партыі (СДПН) Ларсам Клінгбайлем.