Blue Origin выправіла групу турыстаў у субарбітальны палёт
- 25.02.2025, 21:09
- 1,232

Гэта дзясяты палёт ракеты з касмічнымі турыстамі на борце.
Амерыканская ракета New Shepard здзейсніла камерцыйны субарбітальны палёт з шасцю турыстамі на борце. Трансляцыю запуску вяла распрацавалая ракету кампанія Blue Origin, якая належыць Джэфу Безасу. Гэта дзясяты палёт ракеты з касмічнымі турыстамі на борце.
Палёт доўжыўся ад старту да пасадкі 10–12 хвілінаў. Падчас субарбітальнага палёту ўдзельнікі цягам некалькіх хвілінаў маглі адчуваць стан бязважкасці.
Сярод пасажыраў былі прадпрымальнік Лейн Бэс, чый палёт на New Shepard стаў другім у ліку, гішпанскі гоншчык і тэлевядоўца Хесус Кальеха, фізік і прадпрымальнік Элейн Чыя Хайд, рэпрадукцыйны эндакрынолаг Рычард Скот, а таксама партнёр хэдж-фонду Тушар Шах. Асоба шостага чальца экіпажу не раскрываецца, аднак вядома, што гэта мужчына з прозвішчам Уілсан. Інфармацыя пра яго з'явілася дзякуючы нашэўцы, якая патрапіла на фатаграфіі, якія кампанія Blue Origin апублікавала ў X.
Прыватная касмічная кампанія Blue Origin была створаная ў 2000-м годзе заснавальнікам Amazon Джэфам Безасам. Першыя тэставыя прататыпы ракеты New Shepard з'явіліся ў сярэдзіне 2000-х гадоў, пры гэтым першы паспяховы запуск ракеты ў космас адбыўся толькі ў 2015 годзе. Прамым канкурэнтам Blue Origin з'яўляецца кампанія Virgin Galactic брытанскага прадпрымальніка Рычарда Брэнсана. Там кошт квітка касмічнага турыста складае $600 тыс. Дакладны кошт квітка на New Shepard да гэтага часу не выдаецца.