Новы для Беларусі грыб знайшлі ў Белавежскай пушчы
2- 26.02.2025, 10:43
- 4,500

Ён ядомы, але есці рэкамендуецца толькі маладыя грыбы.
У Белавежскай пушчы ў жніўні 2024 года ўпершыню выявілі грыб, знешне падобны да выгляду, які раней не фіксаваўся ў Беларусі, — мерыпілус гіганцкі (Meripilus giganteus). Навукоўцы з Інстытута экспэрыментальнай батанікі НАН Беларусі пасля лабараторных даследаванняў пацвердзілі, што знойдзены грыб належыць менавіта да гэтага тыпу, паведамляе "Еўрарадыё".
Як адзначаюць супрацоўнікі Нацпарку Белавежская пушча, вонкава гэты грыб вельмі прыгожы. Ён расце каля камлёў і пнёў шматлікіх лісцяных дрэў, аддаючы перавагу дубам. Пладовыя целы грыба могуць расці таксама на пагружанай у глебу драўніне, пры гэтым яны маюць шматлікія капялюшыкі.
Маса пладовага цела ў буйных асобнікаў мерыпілуса гіганцкага можа дасягаць 25-30 кг. Ён ядомы, але рэкамендуецца выкарыстоўваць у ежу толькі маладыя мерыпілусы, якія маюць мяккую і далікатную мякаць. Праўда, у некаторых людзей гэты грыб можа выклікаць нястраўнасць.

