26 лютага 2025, Серада, 16:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусам, якія атрымалі грэцкі шэнген, тэлефануюць з амбасады

17
Беларусам, якія атрымалі грэцкі шэнген, тэлефануюць з амбасады

Што пытаюцца, і чаму лепш адказаць.

Увага да беларусаў, якія атрымалі шэнген ці хочуць гэта зрабіць, узмацняецца. Так, у снежні супрацоўнікі візавага цэнтра Польшчы абтэлефаноўвалі тых, хто запісаўся на падачу ў Менскай консульскай акрузе. Іх цікавіла, як людзі патрапілі ў чаргу. У лютым нумар консульства Грэцыі ў Маскве пачаў усё часцей высвечвацца на тэлефонах беларусаў, якія атрымалі шэнген гэтай краіны. У людзей просяць пацвердзіць рэзервацыю ў гатэлі. Калі чалавек гэтага не робіць, то наступствы сумныя, піша «Зеркало».

Са слоў візавай экспэрткі і рэдактаркі visaflow.live Настассі Лысакоўскай, людзям, якія атрымлівалі грэцкі шэнген, і ў мінулыя гады набіралі і пісалі з консульства ў Маскве. Маглі папрасіць пацвердзіць рэзервацыю гатэля. У лютым гэтых званкоў стала больш.

- Раней гэта была хутчэй рэдкасць, чым заканамернасць. Цяпер званкі паступаюць часта, - кажа экспэртка. - Падчас размовы ў чалавека просяць выслаць на электронную пошту чэк аплаты гатэля. Калі ён гэтага не робіць, візу анулююць у аднабаковым парадку. Тое ж адбываецца, калі консульства не змагло звязацца з турыстам.

Настасся адзначае, што людзям тэлефануюць бессістэмна: набіраюць і тым, у каго раней быў грэцкі шэнген, і тым, каму яго ўклеілі ўпершыню. Адзіная заканамернасць, якую яны з калегамі заўважылі: людзі, з якімі звязваліся, за некалькі дзён да гэтага скасавалі рэзервацыю ў гатэлях. Як консульства пра гэта даведалася, Настасся не ў курсе. Мяркуе, што яны маглі ўдакладніць у гатэля ці праверыць рэзервацыю на сайце: падаючыся на візу, чалавек паказвае, дзе плануе спыніцца.

- Пра тое, што віза анулявана, чалавека загадзя могуць не папярэдзіць. Гэта тычыцца выпадкаў, калі яму не датэлефанаваліся, - кажа Настасся. — Ад калег ведаю, што некаторым іх кліентам, якія адказвалі на званок, але не пацвердзілі рэзервацыю, прыходзіў ліст з паведамленнем: «Консульства адпраўляе запыт на ануляцыю». Я так разумею, гэта нейкі ўнутраны працэс, вынік якога - скасаванне шэнгена. Аднак афіцыйна аб выніку можна даведацца, толькі калі ім ператэлефануеш ці ўжо на мяжы.

Чула суразмоўніца і пра выпадкі, калі чалавек адмовіўся ад рэзервацыі, праз нейкі час яму патэлефанавалі з консульства, ён не зняў слухаўку, хутка аформіў новую рэгістрацыю ў гатэлі, набраў консульства, даў справаздачу, але яму ўсё адно сказалі, што "адправілі запыт на ануляцыю".

- І ўсё, трэба падавацца зноўку, - адзначае экспэртка.

Варта адзначыць, што права анулявання шэнген прапісана ў арт. 34 Візавага кодэкса ЕЗ. Сярод іншага ў ім гаворыцца: "Віза можа быць скасаваная ў тым выпадку, калі выяўлена, што ўмовы выдачы перасталі выконвацца". Сюды можна аднесці і скасаванне рэзервацыі.

- У нас няма дакладнага адказу, чаму людзям сталі часцей тэлефанаваць, - кажа Настасся. - Наколькі я ведаю, з'явіўся новы консул. Магчыма, у гэтым прычына.

Нагадаем, што ў снежні пра тэлефанаванні з візавага цэнтра расказвалі беларусы, якія запісаліся на польскі шэнген. Размова ішла аб тых, хто адносіцца да Менскай консульскай акругі. Іх набіралі з пытаннем, як яны патрапілі ў чаргу на падачу, і прасілі назваць код, які чалавеку тут жа адпраўлялі на электронную пошту. Калі ён не мог гэтага зрабіць, рэгістрацыю анулявалі. Экспэрты меркавалі, што гэтак змагаліся з візавымі пасярэднікамі.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках