У ахоўніка прарасейскага кандыдата ў прэзідэнты Румыніі знайшлі $1,5 мільёна
6- 26.02.2025, 17:28
- 5,660

Перад выбарамі ён лятаў у Маскву.
У сераду раніцай румынская пракуратура правяла 47 ператрусаў, расследуючы справу вакол перадвыбарнай кампаніі аб падрыхтоўцы да леташніх прэзідэнцкіх выбараў у краіне.
Таксама расследаванне вядзецца аб справах аб стварэнні фашысцкай групоўкі і фальсіфікацыі звестак аб фінансаванні выбарчай кампаніі Кэліна Джорджэску, піша Romania Journal.
Пад следствам знаходзяцца 27 чалавек. Сярод іх - былы баец Замежнага легіёна і найміт у Афрыцы Харацыў Патра. Следчыя сцвярджаюць, што ён разам з іншымі ўдзельнікамі Замежнага легіёна заснавалі фашысцкую арганізацыю і падбухторвалі да гвалту.
Харацыў Патра - 55-гадовы ахоўнік Кэліна Джорджэску, былога прарасейскага кандыдата ў прэзідэнты Румыніі. Палітыка затрымалі, а Патра ў краіне зараз няма. Гавораць, што ён з'ехаў за мяжу некалькі тыдняў таму.
З пачатку 1990-х гадоў Патра быў у афрыканскіх і арабскіх краінах замежным легіянерам, целаахоўнікам, начальнікам аховы, вайсковым інструктарам. Затым узначаліў групу румынскіх наймітаў накшталт ПВК "Вагнер".
Каля дома Патры адбываліся і іншыя ператрусы, у тым ліку ў справе аб нявыплаце падаткаў. Са звестак пракуратуры, кампанія, кантраляваная братам Потра, нібыта сабрала ў Афрыцы амаль 7 200 000 даляраў, але гэтыя грошы ніяк не фігуравалі ў падатковых дэкларацыях.
Джорджэску пры гэтым заяўляў, што на ягоную выбарчую кампанію сышлі нулявыя выдаткі. У сувязі з гэтым ва ўладаў узнік шэраг падазрэнняў, і яны распачалі крымінальную справу.
У Потра пры ператрусе знайшлі 1,5 мільёна даляраў, схаваных пад паркетам. З паведамленняў румынскіх СМІ, следчыя таксама знайшлі зброю і баявую экіпіроўку — камізэлькі, каскі, заплечнікі. Пракуроры сцвярджаюць, што агулам Патра захоўвае больш за 6 мільёнаў даляраў гатоўкай.
Ператрус прайшоў і ў партнёркі Патры, якая, паводле версіі следства, мае сувязі з кіраўніцтвам у Маскве.
На некалькіх фатаграфіях, якія фігуруюць у расследаванні, партнёрка ахоўніка выяўленая побач з чачэнскімі наймітамі. Таксама, паводле інфармацыі следства, Харацыў Патра быў заўважаны на Краснай плошчы ў Маскве ў верасні мінулага года.
Джорджэску ў фэйсбуку адрэагаваў на ператрусы: «Камуністычна-бальшавіцкая сістэма працягвае свае адыёзныя злоўжыванні!».
Джорджэску перамог у першым туры прэзідэнцкіх выбараў, набраўшы 22.94% галасоў, ён павінен быў змагацца за прэзідэнцкую пасаду ў другім туры. Аднак Канстытуцыйны суд скасаваў вынікі першага туру праз замежнае ўмяшанне ў выбарчы працэс. Паводле звестак спецслужбаў, за Джорджаску ў цік-току агітавалі дзясяткі тысяч ботаў, якіх звязваюць з Крамлём.