Відэафакт: Нямецкая аўчарка «зайцам» каталася па ўсёй Гародні на транспарце
5- 26.02.2025, 20:04
- 4,658

Яе ніяк не маглі злавіць.
У Гародні 26 лютага многія жыхары далучыліся да пошуку збеглай нямецкай аўчаркі з мянушкай Найда – яна без канца перасаджвалася з аднаго тралейбуса ў іншы, забягала ў аўтобусы і аператыўна мяняла вуліцу за вуліцай. Гаспадыня прасіла дапамогі ў чытачоў «АўтаГродна».
– Мы жывем у прыватным сектары на Янкі Купалы і ўвечары нашы дзеці забыліся зачыніць брамку. Сёння раніцай мы заўважылі, што наш сабака Найда ўцёк. Я адразу ж размясціла аб'явы аб пошуку ў розных чатах «Губляшак» і мне сталі паступаць паведамленні ад розных людзей, што наш сабака катаецца на грамадскім транспарце, – расказала гаспадыня Найды Кацярына.
– А 5 раніцы нашага сабаку бачылі каля «Аўтобуснага парку», дзе Найда села ў аўтобус нумар 35, а потым выйшла на вуліцы Лідскай. Яшчэ адзін чалавек паведаміў, што на Лідскай наш сабака сеў у тралейбус № 3. Потым яго бачылі каля помніка танку на Савецкай плошчы і ён шпацыраваў побач з дзецьмі. Потым Найда зноў села ў тралейбус № 3 і выйшла каля «Дома сувязі». Там яна перасела ў тралейбус № 12 і пасля гэтага яе ўжо не бачылі, – расказала Кацярына храналогію паездак свайго сабакі, сабраную з інфармацыі відавочцаў у гарадзенскіх чатах.
Гаспадыня не ведае, адкуль у Найды такая цяга да падарожжаў па Гародні. Гадоў пяць таму яна выбегла з двара і на найбліжэйшым прыпынку заскочыла ў аўтобус. Тады таксама пракацілася на грамадскім транспарце, але яе хутка знайшлі.
Цяпер жа паведамленні пра пошук Найды ўбачыла кіроўца тралейбуса № 12, жанчына ўзяла аўчарку да сябе ў кабіну і вазіла па Гародні да сустрэчы з гаспадыняй.
«Дзякуй вялізны жанчыне з 12 тралейбуса! Нарэшце наша Найда знайшлася і яна ў поўным парадку», – напісала ў рэдакцыю «АвтоГродно» гаспадыня сабакі Кацярына.