«Недаплаціла 60 капеек - і пачалося»
17- 27.02.2025, 9:09
- 14,978

Беларуска расказала, як яе запісвалі на відэа ў падатковай.
Жыхарка Менскага раёна падзялілася ў TikTok сваім досведам камунікацыі з падатковай інспекцыяй, куды яе выклікалі праз невялікую недаплату падатку. Відэа выклікала рэзананс і абмеркаванне ў каментарах, піша "Тэлеграф".
На відэа жанчына расказала, што атрымала апавяшчэнне аб выкліку ў інспекцыю Міністэрства падаткаў і збораў Менскага раёне для дачы тлумачэнняў аб адміністрацыйнай справе аб нявыплаце падатку (артыкул 14.4 КоАП РБ). Сума недаплаты склала ўсяго 60 капеек.
«Запрасілі ў асобны кабінет і адразу ж, імгненна, уключылі запіс нашай размовы», - распавяла аўтарка відэа, паказваючы ў кадры апавяшчэнне. Яна папярэдзіла гледачоў, што пры наведванні падатковай інспекцыі для дачы тлумачэнняў у любым пытанні трэба быць гатовым да таго, што размова будзе запісвацца.
@elena_avchinnikova_nk ♬ оригинальный звук - ЕЛЕНА АВЧИННИКОВА
Жанчына патлумачыла, што недаплаціла суму з няўважлівасці. На момант візіту ў падатковую, паводле ейных слоў, недаплата ўжо была выплачаная, але яе аплатна прайшла на дзень пазней, чым падатковая спісала гэтыя 60 капеек прымусова. Ёй паведамілі, што штрафу, хутчэй за ўсё, не будзе, бо парушэнне нязначнае. Пастанову аб ейнай справе будзе прымаць начальнік інспекцыі. Яна напісала заяву аб разглядзе справы ў яе адсутнасці і паабяцала падзяліцца вынікам з падпісчыкамі.
Дарэчы, паводле часткі 1 артыкула 14.4 КоАП, якую падатковая выставіла блогерцы, індывідуальнаму прадпрымальніку пагражае штраф сумай 40% ад нявыплачанай сумы, але не менш за дзве базавыя адзінкі. Цяпер гэта 84 рублі. Калі ж недаплату дапусціла юрыдычная асоба, то мінімальная сума штрафу ўзрастае да 10 базавых адзінак, што складае ўжо 420 рублёў.
Такім чынам, недаплата сумай 60 капеек можа прывесці да штрафу сумай мінімум 84 рублі.
Сітуацыя выклікала жывы водгук у каментарах. Некаторыя карыстальнікі падзяліліся падобнымі гісторыямі: «Мне ўчора патэлефанавалі за 50 кап. Добра, што не выклікалі прыехаць».
Іншы каментатар заявіў, што ў яго «рахунак за 10 капеек заблакавалі».
Ёсць і тыя, хто стаў на абарону падатковай: «У краме, калі вы не заплаціце 60 капеек, вам тавар ніхто не аддасць. І вы гэта ўспрымаеце як належнае. А калі ў бюджэт не заплацілі, то думаеце: «Якая дробязь, мяне адрываюць ад спраў!»