Лыжны схіл на курорце ў Гародні закрылі праз дзень працы
1- 27.02.2025, 11:19
- 3,836

Пацяпленне ні пры чым.
У гарналыжным комплексе ў гарадзенскіх Каробчыцах закрылі і лыжную трасу. Яна пачала працаваць пасля закрыцця цюбінгавай, але ўжо на наступны дзень парк актыўнага адпачынку «Каробчыцкі Алімп» паведаміў, што зламаўся пад'ёмнік, заўважыў Hrodna.life.
Траса для лыж і сноўбордаў, якую сёлета адкрылі толькі 21 лютага, з 22 лютага закрылася. Прычынай стала паломка пад'ёмніка, напісалі ў Instagram комплексе. Высветлілася, без пад'ёмніка пакатацца немагчыма - на тэрыторыю комплексу нікога не пускаюць.
«Графік працы 2 праз 363? І так з году ў год…» — іранізуюць у каментарах. Аб аднаўленні працы абяцалі паведаміць асобна, але комплекс усё яшчэ закрыты.
Цюбінгавы схіл гэтай зімой таксама не прапрацаваў і тыдня. Спачатку замінала анамальна цёплае надвор'е. Схіл змаглі падрыхтаваць для катання толькі да 15 лютага, а на наступны дзень пасля адкрыцця цюбінгавай трасы ў Каробчыцах там адбыўся няшчасны выпадак: 10-гадовая дзяўчынка сутыкнулася з двума іншымі цюбінгамі і атрымала траўмы. Следчы камітэт распачаў праверку. Трасу закрылі з 20 лютага без тлумачэння прычын, але паабяцалі ўзамен падрыхтаваць лыжны схіл.