Буданаў раскрыў, хто з акружэння Пуціна найбольш уплывае на ягоныя пастановы
- 27.02.2025, 12:30
- 8,952

Роля аднаго з іх моцна ўпала.
Нягледзячы на перастаноўкі ў расейскім кіраўніцтве, ключавыя пазіцыі застаюцца нязменнымі. Роля былога міністра абароны Сяргея Шайгу значна знізілася, тады як Мікалай Патрушаў працягвае захоўваць уплыў.
Пра гэта заявіў кіраўнік Галоўнай управы выведкі Мінабароны Кірыл Буданаў у інтэрв'ю «Укрінформ».
У Буданава спыталі, хто, на ягоную думку, зараз можа ўплываць на расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, і ці моцна змянілася палітычная сітуацыя ў Расеі.
«Нічога не змянілася. Адзінае - роля Шайгу моцна ўпала. Пры гэтым пазіцыі Патрушава засталіся амаль нязменнымі», - адзначыў Буданаў.
Ён падкрэсліў, што пасада сакратара Рады бяспекі РФ застаецца ключавой у расейскай уладзе, але Шайгу на ёй абмежавалі ва ўплыве. Буданаў таксама звярнуў увагу на тое, што працоўны кабінет Патрушава размешчаны непасрэдна ў Крамлі, што падкрэслівае ягоны статус.
«Шайгу Патрушавым не стаў. Ён нават намеснікаў сваіх прызначыць не можа. Нармальна працуе, але толькі як тэхнакрат, які займаецца бюракратычнымі і арганізацыйнымі пытаннямі», - рэзюмаваў Буданаў.