Непаўналетні сын Кадырава стаў суддзём у Егіпце
- 27.02.2025, 14:23
- 5,128

Размова ідзе аб разглядзе камерцыйных і эканамічных спрэчак на міждзяржаўным узроўні.
Непаўналетні сын кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава Адам атрымаў бестэрміновае пасведчанне чальца Арабскага арбітражнага суда.
Размова ідзе аб інстанцыі пры Лізе Арабскіх дзяржаў, якая рэгулюе камерцыйныя і эканамічныя спрэчкі як паміж юрыдычнымі асобамі, так і на міждзяржаўным узроўні.
Таксама 17-гадоваму Адаму ўручылі медаль «Ганаровы госць Лібіі». Гэта адбылося падчас візіту чачэнскай дэлегацыі ў Егіпет, распавёў Рамзан Кадыраў.
Прадстаўнікі рэспублікі прыехалі ў Каір для каардынацыі ўзаемадзеяння паміж генеральным сакратарыятам Рады арабскага эканамічнага адзінства і Чачэніяй. У рамках візіту былі падпісаныя пратаколы аб супрацоўніцтве Арабскага арбітражнага суда і некаторых рэгіянальных устаноў Расеі. У каментары прызначэння і новай узнагароды сына Кадыраў заявіў, што «гэты крок сведчыць аб высокім узроўні даверу і прызнанні яго ўнёску ў развіццё міжнароднага супрацоўніцтва». У сваю чаргу дэпутат Дзярждумы ад Чачэніі Адам Дэлімханаў назваў новаспечанага чальца Арабскага арбітражу «ўсебакова развітым маладым спецыялістам».
Адам Кадыраў уваходзіць у Кнігу рэкордаў Расеі як самы малады начальнік службы бяспекі кіраўніка расейскага суб'екта. Ён атрымаў шырокую вядомасць у 15 гадоў, калі збіў у грозненскім СІЗА абвінавачанага ў спаленні Карана валгаградца Мікіту Журавеля. Пасля гэтага на сына Кадырава пасыпаліся ўзнагароды. Яму прысвоілі званне героя Чачэніі, уручылі ордэн «Дуслык» — другую па значнасці ўзнагароду Татарстана, ордэн «За заслугі перад Карачаева-Чаркескай Рэспублікай» і «За заслугі перад Кабардзіна-Балкарскай Рэспублікай», рэлігійны ордэн «За заслугі перад Умай» і ордэн «За служэнні рэлігіі Іслам» першай ступені. У снежні Адам стаў ганаровым журналістам і «выдатнікам хуткай дапамогі». Усяго на яго рахунку як мінімум 15 узнагарод. Таксама з мінулага года ён курыруе Расейскі ўніверсітэт спецназа імя Пуціна ў Грозным.