Вытворца ракет NASAMS стварае кампанію ва Украіне
3- 28.02.2025, 11:55
- 5,562

Перспектывы цудоўныя.
Нарвэжская кампанія Kongsberg Defence\u0026 Aerospace плануе вырабляць ва Украіне ракеты для сістэм СПА NASAMS. Размова ідзе аб вытворчасці сотняў ракет.
Пра гэта заявіў прэзідэнт кампаніі Эйрык Лі ў інтэрв'ю Euractiv.
«Мы зараз ствараем кампанію ва Украіне. Мы вядзём шчыльныя перамовы з прадстаўнікамі ўкраінскай прамысловасці аб стварэнні супольнага прадпрыемства. Першачарговым прыярытэтам з'яўляецца павелічэнне вытворчасці ракет для нашай сістэмы супрацьпаветранай абароны ва Украіне на аснове ўкраінскіх тэхналогій», - распавёў Лі.
Паводле ягоных слоў, размова ідзе аб масавай вытворчасці ракет і магчымасці стварэння супольных з Украінай прадпрыемстваў на працягу некалькіх месяцаў.
«У доўгатэрміновай перспектыве, калі вайна скончыцца, Украіна можа стаць часткай ланцужка паставак ракет для сістэм супрацьпаветранай абароны. Цяпер ва Украіне адбываецца шмат інавацый, і мы будзем іх часткай. Для нас важна быць там», - сказаў ён.
Сістэмы NASAMS для Украіны
NASAMS – гэта нарвежскі перасоўны зэнітна-ракетны комплекс, які можа выпусціць 72 ракеты за 12 секунд. Яго выкарыстоўваюць для збівання самалётаў, гелікаптэраў і крылатых ракет у радыусе да 40 км.