Сіноптык расказала, чаго чакаць ад першага месяца вясны
- 28.02.2025, 14:19
- 2,802

Надвор'е ў сакавіку яшчэ праявіць сваё вераломства.
У нашым тыпе клімату няма нічога больш сталага, чым змена надвор'я. Беларусам заўсёды трэба быць напагатове, і сакавік у гэтым плане ― адзін з самых падступных месяцаў года, заявіла начальніца службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамета Таццяна Чатырка.
«Перамены ў атмасферных працэсах ужо намеціліся, холад будзе адціскацца на ўсход, і тэмпературны фон будзе даволі кантрасны ў найбліжэйшыя дні, уначы холадна і ўдзень цёпла. Халадок яшчэ будзе вытрымлівацца на ўсходзе рэспублікі - там уначы да -10-12 градусаў, пры гэтым на захадзе рэспублікі ўжо больш шчыльная воблачнасць будзе адзначацца і нават у начны час тэмпература будзе блізу 0+2 градусаў. І пры гэтым удзень ужо па ўсёй тэрыторыі краіны станоўчыя значэнні ад 0 да +6 градусаў», ― распавяла Чатырка.
Сакавік пачнецца з тэмпературных значэнняў, характэрных для нас па клімаце, месцамі тэмпература паветра будзе нават вышэйшай за кліматычную норму на 1-2 градусы, адзначае суразмоўніца.
«У начныя гадзіны ў першыя дні сакавіка будзе ад -5 на ўсходзе да +3 на захадзе, і ўдзень у першай пяцідзёнцы сакавіка ў асноўным 0...+6, бліжэй да 5-га сакавіка на захадзе да +9, і пасля 5-га да канца дэкады чакаем, што можа быць на захадзе і паўднёвым захадзе рэспублікі вышэй. Ужо пачнуцца вясновыя працэсы», ― расказвае Чатырка.
Паводле папярэдніх ацэнак сіноптыкаў, 8 сакавіка парадуе беларусаў і камфортным надвор'ем, і адсутнасцю моцных ападкаў, адзначае субяседніца.
Па сваіх кліматычных характарыстыках сакавік уважаецца за пераходны месяц ад зімы да вясны, і цягам сакавіка яшчэ магчымыя кароткія вяртанні халадоў да -10-12 градусаў. Але сёлета шмат хто ўжо звярнуў увагу на тое, якой была розніца паміж начной і дзённай тэмпературамі ў лютым. Розніца была блізу 15-17 градусаў.
Такое надвор'е падступнае для людзей, якія імкнуцца змяніць цёплае зімовае адзенне на лягчэйшае вясновае, не зважаючы на ваганні тэмпературнага фону, у сувязі з чым пачынаецца ўздым ВРВІ.
«Не спакушайцеся, у нашым тыпе клімату няма нічога больш сталага, чым змена надвор'я, таму заўсёды трэба быць напагатове, а сакавік у гэтым плане месяц даволі падступны», ― адзначае Чатырка.