28 лютага 2025, Пятніца, 20:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Значна павялічыліся аб'ёмы кантрабанды цыгарэт з Беларусі ў Літву

5
Значна павялічыліся аб'ёмы кантрабанды цыгарэт з Беларусі ў Літву

З пачатку 2025 года літоўскія пагранічнікі перахапілі больш за 2 мільёны пачкаў.

З пачатку 2025 года памежнікі Літвы перахапілі больш за 2 млн 83 тысячы пачкаў нелегальных цыгарэт, тады як за ўвесь 2024 год - 1,4 млн, паведамляе «Позірк» са спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ).

Адзначаецца значнае павелічэнне колькасці кантрабандных цыгарэт, увезеных з Латвіі і перахопленых літоўскімі пагранічнікамі. За ўвесь 2024 супрацоўнікамі службы

было перахоплена 111 тысяч пачкаў такіх цыгарэт, а за два месяцы 2025 года - больш за 1 млн 778 тысяч.

САДМ прывяла прыклад: у Вільні на тэрыторыі склада памежнікі знайшлі амаль 90 тысяч пачкаў беларускіх цыгарэт агульным коштам амаль 400 тысяч еўраў. На складзе памежнікі затрымалі траіх мужчын, у тым ліку грамадзяніна Беларусі, які пражывае ў Польшчы, але мае рэгістрацыю ў Літве.

Двойчы з пачатку года падазроныя ў кантрабандзе жыхары краін ЕЗ у спробе ўцячы ад пагранічнікаў збівалі іх на аўто. Апошні выпадак здарыўся 27 лютага. Літоўскі памежнік дастаўлены ў лякарню.

Ён пераследаваў аўтамабіль, у якім знаходзілася двое грамадзян Латвіі, што ўначы на лузе ў сельскай мясцовасці забралі паветраны шар, які прыбыў з Беларусі, з 1,5 тысячы пачкаў беларускіх цыгарэт і прымацаванай GPS-прыладай. Падазроныя ў кантрабандзе затрыманы, распачатая крымінальная справа.

Аналагічны выпадак адбыўся 29 студзеня ў лясной зоне Варэнскага краю Літвы, калі было знойдзена столькі ж пачкаў цыгарэт NZ Gold, дастаўленых на паветраным шары з Беларусі з GPS-навігатарам.

Памежная служба Польшчы паведаміла 25 лютага, што аб'ект, да якога была прывязаная партыя цыгарэт, прабіў дах дома ў гміне Шудзялава (Сакульскі павет Падляшскага Ваяводства). Груз складаў больш за 1,5 тысячы пачкаў цыгарэт без польскіх акцызных марак агульным коштам, большым за 26 тысяч злотых (6,6 тысячы даляраў). Распачатая крымінальная справа, следчыя шукаюць тых, хто мае дачыненне да адпраўкі і атрымання грузу.

У 2024 годзе літоўскія памежнікі канфіскавалі 1 млн 386 тысяч 714 пачкаў кантрабандных цыгарэт, з іх 1,2 млн - беларускай вытворчасці, паведамляла САДМ.

Адзначаецца, што сума прадухіленай шкоды дзяржаве склала амаль 5,4 млн еўраў, а кошт канфіскаваных тытунёвых вырабаў - больш за 6,1 млн еўраў.

Паводле звестак САДМ, у параўнанні з 2023 годам колькасць канфіскаваных пачкаў цыгарэт зменшылася ў 1,7 разы (было 2,5 млн пачкаў), а ў параўнанні з 2022-м - больш чым утрая (4,3 млн).

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках