Больш цікавая за Taurus: Нямеччына распрацоўвае новую дальнабойную ракету
6- 28.02.2025, 15:24
- 5,038

Зброя мае адну важную перавагу.
Нямеччына распрацоўвае новую дальнабойную ракету RCM ² на 500 км без амерыканскіх кампанентаў, якая для Украіны можа стаць цікавейшай за Taurus.
Як піша Defense Express, пытанне пастаўкі крылатых ракет Taurus для Украіны застаецца адкрытым, асабліва улічваючы вынікі выбараў у Нямеччыне.
Аднак ёсць істотная праблема: Taurus створаная для запуску з самалётаў, што патрабуе спецыяльных носьбітаў, з якімі ёсць нюансы. Напрыклад, нават для адаптацыі швэдскіх «Грыпенаў» пад гэтыя ракеты патрабуецца час і дадатковыя намаганні.
На гэтым фоне перспектыўнай з'яўляецца распрацоўка новай нямецкай дальнабойнай ракеты RCM² з далёкасцю да 500 км, якую можна запускаць з розных платформаў. Такая гнуткасць робіць яе патэнцыйна цікавейшай для Украіны.
Паводле інфармацыі нямецкага партала Hartpunkt, які спасылаецца на «добра інфармаваныя крыніцы», кампанія MBDA Germany, якая працуе над RCM², плануе сёлета канчаткова вызначыць яе «дызайн»: абрысы, дэталі канструкцыі, габарыты і да таго падобнае. Першыя выпрабавальныя пускі з наземнай платформы чакаюцца да 2028 года.
Рэндары MBDA Germany дэманструюць магчымыя варыянты запуску RCM²: з вертыкальнай пускавой устаноўкі на фрэгатах, скід з транспартнага самалёта A400M або выкарыстанне рэактыўнай сістэмы M270 MLRS (тры такія ўстаноўкі ўжо перададзеныя УСУ).
Чакаецца, што ракета будзе мець даўжыню амаль 4 метры і стартавую масу 350 кг, дзе прыкладна траціну будзе складаць баявая частка. Для наземных платформаў прадугледжанае выкарыстанне стартавага паскаральніка, што павялічыць яе памеры і вагу.
Пры гэтым інжынеры MBDA Deutschland свядома пазбягаюць выкарыстання амерыканскай камплектацыі, каб пазбегнуць праблем з экспартным кантролем і т.д., і гэта тармозіць тэмп прац.
У той жа час існуе імавернасць выкарыстання асобных элементаў канструкцыі Taurus, такіх як рулі, што можа паскорыць працэс распрацоўкі.
Самае цікавае, што працы над RCM² пакуль фінансуюцца самой кампаніяй MBDA Deutschland, якая вядзе іх з уласнай ініцыятывы, але пры гэтым падтрымлівае сувязь з патэнцыйнымі пакупнікамі.
Як адзначае Defense Express, пакуль усе гэтыя характарыстыкі сведчаць аб тым, што RCM² можа стаць больш цікавым варыянтам для Украіны, чым Taurus. Аднак праект яшчэ на пачатковай стадыі, і да яго заканчэння спатрэбіцца час.