Яшчэ ў двух раёнах Беларусі ўводзяць дні цвярозасці
6- 28.02.2025, 19:44
- 3,138

У адным з раёнаў наважылі, што такіх дзён мае быць адразу пяць.
У розных раёнах і гарадах Беларусі пачалі ўводзіць так званыя дні цвярозасці, калі алкаголь проста не прададуць у краме.
Цяпер яшчэ два раёны вызначыліся са сваімі цвярозымі днямі.
На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваныя пастановы Дрыбінскага і Бабруйскага раённых адміністрацый (абодва раёны знаходзяцца ў Магілёўскай вобласці).
Так, у Бабруйскім раёне 14 лютага пастанавілі, што днямі цвярозасці сёлета стануць наступныя даты: 20 сакавіка, 1 верасня, 20 лістапада.
Гэтыя дні цвярозасці пастанавілі ладзіць "у сувязі з правядзеннем акцый, накіраваных на прапаганду (папулярызацыю) здаровага ладу жыцця, прафілактыку п'янства і алкагалізму, барацьбу з імі і прымеркаваных да акцыі "Дзень цвярозасці", якая праводзіцца ў Бабруйскім раёне".
Дрыбінскі раён вызначыў свае дні цвярозасці яшчэ раней, месяц таму: 31 студзеня. І там наважылі, што двух-трох дзён за год замала: хай будзе адразу пяць цвярозых дзён, а менавіта: 28 сакавіка. 24 траўня, 13 чэрвеня, 1 верасня, 28 лістапада.
Фармулёўкі такія ж, а вось у чэрвені алкаголь не прададуць у сувязі з правядзеннем выпускных вечароў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.