Дзівосная гісторыя: У Гомелі таксіст дапамог выратаваць дзіця, якое праглынула магніт
6- 28.02.2025, 20:55
- 5,158

Бабуля замест «хуткай» выклікала таксі.
Двухгадовая дзяўчынка, гуляючы дома, выпадкова праглынула магніт, піша УУС Берасцейскага аблвыканкама. Дзіця пачало задыхацца. Але замест выкліку хуткай дапамогі бабуля дзяўчынкі выклікала таксі. Што ёю рухала – разгубленасць ці ўпэўненасць, што так будзе хутчэй, застаецца загадкай. Аднак менавіта гэты выбар быў вызначальны ў выратаванні дзіцяці, паведамляе BGmedia.
Таксіст-выратавальнік
На выклік прыехаў кіроўца службы «Яндэкс Go» Павел. Высветлілася, што ён не проста таксіст, а дзейны супрацоўнік гарадскога аддзела НС. Даведаўшыся, што дзіцяці тэрмінова патрэбная медыцынская дапамога, Павел зразумеў: у вечаровую гадзіну пік, калі Гомель стаіць у корках, звычайная паездка можа заняць занадта шмат часу.

Гонкі з часам
Адлегласць да Гомельскай дзіцячай абласной лякарні складала 16 кіламетраў. Навігатар паказваў, што дарога зойме не менш за 26 хвілінаў. Гэта магло стаць крытычным тэрмінам для дзіцяці. Ацаніўшы сітуацыю, Павел аператыўна звязаўся з дыспетчарам ДАІ і папрасіў экстраннае суправаджэнне.
Ужо на паўдарозе таксі перахапіў патрульны экіпаж. Уключыўшы пробліскавыя маячкі, інспектары расчысцілі дарогу, і машына Паўла дабралася да лякарні ўсяго за 11 хвілінаў.
Шчаслівы фінал
Медыкі ўжо чакалі маленькую пацыентку. Павел на руках занёс дзяўчынку ў прыёмнае аддзяленне, пасля чаго за яе здароўе ўзяліся дактары. На шчасце, дапамога падаспела своечасова, і жыццё дзіцяці было ў бяспецы.
Кіроўца таксі і на сумяшчальніцтва выратавальнік, які звыкся да стрэсавых умоваў на працы, пазней расказаў, што галоўнае ў такіх сітуацыях – захоўваць вытрымку і дзейнічаць хутка.