22 лютага 2025, Субота, 13:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інфляцыя для расейцаў страшнейшая за вайну

12
Інфляцыя для расейцаў страшнейшая за вайну

Агульны ўзровень занепакоенасці праблемамі ў эканоміцы расце.

Галоўнай праблемай для расейцаў аказалася зусім не вайна, а інфляцыя, паказала апытанне «Левада-цэнтра». На пытанне, «якія праблемы нашага грамадства непакояць вас больш за ўсё, і вы ўважаеце іх за самыя вострыя», з гіганцкім адрывам у лідарах «рост коштаў». Гэты адказ выбралі 63%, вайна на другім месцы: 35% указалі «асаблівая ваенная аперацыя ва Украіне, канфлікт з Захадам, санкцыі» (можна было абраць некалькі адказаў), піша The Moscow Times.

Паводле звестак Расстата, за 2022–2024 гг. кошты выраслі на 31,7%, летась інфляцыя склала 9,5%. Асабліва хутка даражэлі прадукты (на 11%) – гэта з'ядае значную частку росту прыбыткаў расейцаў. Паводле іншага нядаўняга апытання «Левада-цэнтра», амаль у 2/3 расейскіх сем'яў (63%) як мінімум палова прыбыткаў ідзе на харчаванне. Падобныя вынікі і ў іншых сацыёлагаў. Рэгулярныя апытанні фонду «Грамадская думка», на якія арыентуецца Цэнтрабанк, стабільна паказваюць, што 6-9% людзей «грошай не стае нават на харчаванне», а яшчэ прыкладна 20% «на харчаванне грошай стае, але не стае на адзенне і абутак».

Рост коштаў традыцыйна хвалюе расейцаў больш за ўсё, і занепакоенасць людзей расла разам з інфляцыяй. Летась яна вырасла (у 2023 г. было 7,4%), асабліва моцна паскорыўшыся ў канцы года. Дзель тых, каго непакоіць рост коштаў, са жніўня вырасла на 11 адсоткавых пунктаў (а.п.). Але людзі адчуваюць і іншыя праблемы, якія назапашваюцца: летась прыкметна пагоршылася ацэнка эканамічнай сітуацыі. Агульны ўзровень занепакоенасці праблемамі ў эканоміцы расце цягам апошніх замераў з сакавіка 2024 г., адзначаюць эксперты «Левада-цэнтра».

На трэцім месцы сярод важных для расейцаў праблемаў – жыллёвыя (аварыйны стан, недаступнасць, дарагая іпатэка), іх адзначылі 30%. Крызіс у эканоміцы турбуе толькі аднаго з шасці расейцаў (16%), але ў сакавіку 2024 г. з гэтай нагоды хваляваліся ўсяго 9%. Пры гэтым за год дзель апытаных, якія мяркуюць, што магчымы эканамічны крызіс цягам года, значна вырасла – на 10 а.п. да 41%, паказала іншае апытанне «Левада-цэнтра». Іх пакуль менш, чым тых, хто гавораць пра адваротнае (48%), але год таму аптымістаў было на 11 а.п. больш.

Занепакоенасць іншымі эканамічнымі праблемамі (напрыклад, беспрацоўем) знізілася, альбо застаецца мінімальнай: затрымкі выплаты заробкаў, пенсій ці дапамог турбуюць толькі 5% рэспандэнтаў. Праблема беднасці, збяднення большасці насельніцтва непакоіць кожнага пятага (21%), але год таму гэты адказ выбіралі часцей.

Уладзімір Пуцін называў інфляцыю выклікам для ўладаў і патрабаваў ад ураду і ЦБ знізіць яе нават коштам запаволення эканамічнага росту. Пры гэтым галоўнай прычынай інфляцыі эксперты называюць выкліканыя вайной дысбалансы ў эканоміцы – рэзка выраслыя ваенныя выдаткі бюджэту, ператок рэсурсаў з цывільных галінаў у ВПК, санкцыі і інш. Але, як паказалі сацыёлагі з PSLab, расейцы імкнуцца не заўважаць вайну.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках