Пра мір, угоду і спрэчку з Трампам: Галоўнае з інтэрв'ю Зяленскага для Fox News
31- 1.03.2025, 8:40
- 25,306

Прэзідэнт Украіны расказаў, чаму размова перарасла ў скандал і ці магчымыя перамовы.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даў інтэрв'ю пасля спрэчкі з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у Белым доме. Ён расказаў, чаму размова перарасла ў скандал, які лёс угоды аб выкапнях і ці магчымыя мірныя перамовы.
РБК-Украіна сабрала галоўныя заявы ўкраінскага прэзідэнта з інтэрв'ю Fox News.
Пра спрэчку з Трампам
Паводле словаў Зяленскага, спрэчка падчас сустрэчы з Трампам у Авальным кабінеце ўспыхнула праз «аповеды, што Украіна ўжо разбураная, мільёны загінулі, а прэзідэнт – дыктатар».
«Дзе ж сяброўства паміж ЗША і Украінай?» – спытаў прэзідэнт.
На пытанне, ці шкадуе ён пра тое, што адбылося ў Белым доме, Зяленскі адказаў: «Так, гэта не было добра». На ягоную думку, некаторыя рэчы з партнёрамі трэба абмяркоўваць без камераў.
Прэзідэнт дадаў, што вельмі ўдзячны амерыканскаму народу, Трампу і Кангрэсу за падтрымку Украіны, і мяркуе, што стасункі з ЗША яшчэ можна выратаваць.
«Таму што гэта больш чым стасункі паміж двума прэзідэнтамі. Гэта моцныя гістарычныя стасункі паміж нашымі народамі. Таму я заўсёды пачынаю з падзякі вашаму народу ад нашага народа. Гэта самае важнае», – сказаў Зяленскі.
Пра ўгоду з ЗША
Чакалася, што падчас візіту Зяленскага ў Белы дом паміж Украінай і ЗША будзе падпісанае пагадненне пра карысныя выкапні. Аднак пасля спрэчкі ў Авальным кабінеце падпісанне пагаднення сарвалася.
Як заявіў Зяленскі, украінскі бок хоча падпісаць пагадненне з ЗША і гатовы да гэтага. Гэтае пагадненне, паводле ягоных словаў, павінна стаць першым крокам да гарантый бяспекі.
«ЗША хацелі гэта пагадненне, мы не супраць гэтага пагаднення, але мы хочам разумець, якое месца гарантыі бяспекі зоймуць у гэтым пагадненні», – растлумачыў ён.
Аднак прэзідэнт не ведае, калі пагадненне паміж Украінай і ЗША можа быць падпісанае.
«Я думаю, што міністры павінныя падпісаць гэтую дамову. Я не ведаю, калі яны гэта зробяць. Гэта залежыць ад амерыканскага боку», – сказаў Зяленскі.
Пра мірныя перамовы
Пасля скандалу ў Белым доме Трамп заявіў, што Зяленскі нібыта не хоча міру.
«Украіна хоча міру і ў любым выпадку перамовы будуць. Я толькі сказаў, што гаворка ідзе пра справядлівы і доўгі мір, і за сталом перамоваў нам трэба быць моцнымі», – адказаў на гэтыя папрокі прэзідэнт.
Ён дадаў, што за сталом перамоваў павінны быць ЗША, Еўропа і Украіна, але ў моцнай пазіцыі. Аднак, паводле словаў Зяленскага, спачатку трэба атрымаць гарантыі бяспекі, а ўжо тады пераходзіць да дыпламатыі.
Акрамя таго, прэзідэнт адказаў на заклікі Трампа да неадкладнага спынення агню на фронце.
«Я не магу сказаць проста “спыніцеся” (салдатам – спыніць баявыя дзеянні, – рэд.). Ніхто не спыніцца, таму што ўсе баяцца, што Пуцін вернецца заўтра», – патлумачыў ён.
Раней Трамп таксама заявіў, што знаходзіцца «пасярэдзіне» паміж Украінай і РФ, на што Зяленскі ў інтэрв'ю адказаў, што хацеў бы, каб ён быў больш на ўкраінскім баку.
Пра дапамогу ад ЗША
Газета The Washinghton Post пасля спрэчкі паміж Зяленскім і Трампам напісала са спасылкай на ўласную крыніцу, што ЗША нібыта могуць спыніць ваенную дапамогу Украіне. Размова ідзе пра пастаўкі, якія былі ўзгодненыя яшчэ папярэдняй амерыканскай адміністрацыяй.
«Гэта будзе цяжка для нас, без вашай падтрымкі, але мы не можам страціць нашы каштоўнасці», – пракаментаваў такія рызыкі Зяленскі.
Пра адстаўку
Рэагуючы на падзеі ў Белым доме, амерыканскі сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм заявіў журналістам, што для «рэанімавання» пагаднення аб выкапнях Зяленскі павінен або змяніцца, або пайсці ў адстаўку, або даслаць іншага перамоўніка.
«Гэтую пастанову можа прыняць толькі народ Украіны», – адказаў на гэты папрок прэзідэнт.