Белы дом абвясціў пра спыненне ваеннай дапамогі Украіне
65- 1.03.2025, 11:44
- 21,082

Прэс-сакратарка Кэралайн Лівіт заявіла, што «чэкаў больш не будзе».
ЗША больш не будуць даваць ваенную дапамогу Украіне, таму што ў адміністрацыі Трампа ў прыярытэце мірныя перамовы. Пра гэта Fox News заявіла прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Лівіт.
«Мы больш не збіраемся проста выпісваць чыстыя чэкі на вайну ў вельмі далёкай краіне без сапраўднага, трывалага міру», – заявіла Лівіт, каментуючы супрацьстаянне паміж прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, віцэ-прэзідэнтам ЗША Джэй Ды Вэнсам і кіраўніком Белага дому Дональдам Трампам.
Таксама спікерка адміністрацыі амерыканскага прэзідэнта адзначыла, што скандал паміж палітыкамі, які адбыўся ў Белым доме, паводле шчаслівага збегу абставінаў стаў здабыткам грамадскасці, таму амерыканцы павінны ўсвядоміць цяжар перамоваў з украінцамі за зачыненымі дзвярыма.
«Было выдатна, што камеры працавалі, таму што амерыканскі народ і ўвесь свет змаглі ўбачыць, з чым прэзідэнт Трамп і ягоная каманда маюць справу за зачыненымі дзвярыма на перамовах з украінцамі», – дадала яна.