1 сакавiка 2025, Субота, 15:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працоўная партыя Курдыстана абвясціла пра спыненне агню з Турцыяй

Працоўная партыя Курдыстана абвясціла пра спыненне агню з Турцыяй

Перамір'е пачало дзейнічаць з раніцы 1 сакавіка.

Працоўная партыя Курдыстана (ППК) абвясціла пра спыненне агню з Турцыяй. Перамір'е пачынае дзейнічаць з раніцы 1 сакавіка.

Пра гэта паведамляе CNN.

Два дні таму, 27 лютага, лідар РПК Абдула Аджалан, які знаходзіцца ў турме ў Турцыі, заклікаў сваіх паслядоўнікаў скласці зброю і спыніць дзейнасць. Ён таксама звярнуўся да ўладаў Турцыі з заклікам «праявіць павагу да этнічных меншасцяў, свабоды выказвання меркаванняў і права на дэмакратычную самаарганізацыю».

«Мы згаджаемся з заклікам лідара Аджалана і заяўляем, што будзем выконваць патрабаванні са свайго боку. Мы абвяшчаем пра спыненне агню ад сёння», – гаворыцца ў заяве ППК, апублікаванай інфармацыйным агенцтвам Firat, блізкім да групоўкі.

Як адзначаюць СМІ, калі Турцыя падтрымае заклік курдаў, гэта можа пакласці канец дзесяцігоддзям канфлікту, які, паводле ацэнак, забраў жыцці сама меней 40 тысячаў чалавек і перакінуўся на межы многіх суседніх краінаў.

Канфлікт ППК і Турцыі

Працоўная партыя Курдыстана – гэта курдская ўзброеная групоўка, якая з канца 1970-х гадоў пад рознымі назвамі змагаецца за самастойнасць ці хоць бы шырокую аўтаномію для турэцкіх курдаў на паўднёвым усходзе Турцыі.

Гэтая групоўка таксама мае свае базы ў гарах на поўначы суседняга Ірака, дзе мясцовае насельніцтва таксама складаюць пераважна курды.

Лідар групоўкі Абдула Аджалан быў затрыманы ў 1999 годзе ў Кеніі турэцкімі ўладамі, паводле паведамленняў, з дапамогай ЦРУ, і быў асуджаны да пажыццёвага зняволення за дзяржаўную здраду з абмежаванымі кантактамі са знешнім светам.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках