«Пуцін можа забыцца пра свае планы»
8- 1.03.2025, 15:15
- 12,964

У РНБА Украіны падвялі вынік спрэчкі ў Белым доме.
Сварка прэзідэнтаў Украіны і Злучаных Штатаў Уладзіміра Зяленскага і Дональда Трампа ў Белым доме не стала катастрофай.
Візіт украінскага лідара Уладзіміра Зялонскага ў Вашынгтон, відавочна, быў няўдалым. Тым не менш падставаў для панікі цяпер няма.
З такой заявай выступіў у сваім блогу Андрэй Каваленка, які ўзначальвае Цэнтр супрацьдзеяння дэзынфармацыі (ЦСД) пры РНБА Украіны.
Падводзячы вынік сварцы ў Авальным кабінеце, Каваленка адзначыў важную пазітыўную дэталь – рэакцыю еўрапейскіх лідараў. Прэзідэнты, прэм'ер-міністры, міністры, палітыкі пачалі пісаць словы падтрымкі Зяленскаму і народу Украіны.
«Што мы маем на раніцу. Еўропа аб'ядналася, рыхтуюцца тэрміновыя захады. Важныя не словы, важная зброя. Украіна і далей будзе атрымліваць падтрымку і ўзбраенне», – напісаў Каваленка.
Ён таксама запэўніў, што планы Пуціна пры дапамозе ЗША вярнуцца ў Еўропу асуджаныя на крах.
«У цяперашніх умовах Кітай засяродзіцца на стратэгічным хаўрусе з Еўропай. Расея не з'яўляецца для Пекіна прыярытэтам, звычайны сыравінны прыдатак. Для Злучаных Штатаў, як і раней, яна з'яўляецца звычайнай "бензакалонкай" і крыніцаў рэдказямельных металаў, якія Пуцін гатовы аддаць "без папярэдніх умоваў"», – напісаў Каваленка.
Ён запэўніў, што ва Украіны ёсць даволі рэсурсаў для прадаўжэння барацьбы з агрэсарам нават без падтрымкі Амерыкі. А становішча РФ далёка не найлепшае.
«У РФ у рэгіёнах пачаўся дэфіцыт сродкаў на выплаты кантрактнікам. Яны афіцыйна пра гэта гавораць. Санкцыі застаюцца. Гэта значыць, жыццё ў РФ будзе толькі пагаршацца», – напісаў кіраўнік ЦСД.
Ён таксама адзначыў, што ў выніку Расеі давядзецца пайсці на саступкі Украіне, а менавіта адмовіцца ад планаў акупацыі ўкраінскіх тэрыторый.