Названы адзін з найважнейшых прадуктаў для здароўя мозгу
13- 1.03.2025, 15:24
- 7,128

Яго трэба абавязкова дадаць у рацыён, каб зменшыць рызыку дэменцыі.
Аліўкавы алей застаецца адным з найлепшых прадуктаў для падтрымання здароўя мозгу і змяншэння верагоднасці дэменцыі, піша ТСН.
У 2024 годзе Гарвард правёў даследаванне з удзелам 92383 дарослых амерыканцаў, якое паказала: штодзённае спажыванне не менш як 7 грамаў аліўкавага алею памяншае рызыку смерці ад дэменцыі на 28%, незалежна ад спадчынных чыннікаў і харчовых звычак.
Як аліўкавы алей уплывае на здароўе мозгу
Міжземнаморскі рацыён, вядомы сваімі перавагамі для кагнітыўнага здароўя, немагчымы без аліўкавага алею.
Ён багаты на монаненасычаныя тлушчы, якія паляпшаюць кровазабеспячэнне мозгу і памяншаюць запаленчыя працэсы. Акрамя таго, у яго склад уваходзяць поліфенолы, сярод іншага олеакантал, якія абараняюць клеткі ад акісляльнага стрэсу – аднаго з ключавых чыннікаў развіцця нейрадэгенератыўных захворванняў.
Дадатковыя карысныя ўласцівасці аліўкавага алею:
Рэгуляцыя апетыту. Дапамагае хутчэй адчуваць сытасць, што спрыяе падтрыманню аптымальнай вагі – важнага чынніку ў прафілактыцы дэменцыі.
Падтрымка кішачнай мікрафлоры. Паляпшае страваванне, стымулюе выпрацоўку жоўці, спрыяе эфектыўнаму засваенню тлушчаў і іншых пажыўных рэчываў.
Гарманальная раўнавага. Утрымлівае карысныя тлушчы, неабходныя для сінтэзу гармонаў, якія ўплываюць на кагнітыўныя функцыі, памяць і эмацыйны стан.
Стабільны зарад энэргіі. Забяспечвае доўгую пастаўку энэргіі без рэзкіх перападаў ўзроўню цукру ў крыві.
Антыаксідантная абарона. Высокае ўтрыманне вітаміну Е і поліфенолаў дапамагае нейтралізаваць акісляльны стрэс і захоўваць здароўе клетак мозгу.
Карысць для скуры. Валодае супрацьзапаленчымі ўласцівасцямі, спрыяе рэгенерацыі скуры і памяншэнню сістэмных запаленчых працэсаў, што дадатна ўплывае і на мазгавую дзейнасць.
Як лёгка ўключыць аліўкавы алей у штодзённы рацыён
Алей нашча. Ужыванне 1-2 сталовых лыжак якаснага extra virgin алею раніцай, асабліва з даданнем цытрынавага соку ці куркумы, узмацняе яго антыаксідантныя ўласцівасці.
Агароднінныя пад’едкі. Нарэзаная свежая гародніна, запраўленая аліўкавым алеем, цытрынавым сокам і марской соллю – просты і карысны варыянт пад’едку ў міжземнаморскім стылі.
Поліўкі і гарніры. Хатняя запраўка для салатаў з аліўкавага алею, дыжонскай гарчыцы, мёду і цытрынавага соку зробіць стравы смачнейшымі. А калі дадаць алей, марскую соль і чорны перац да запечанай гародніны ці рыбы, яны набудуць глыбейшы водар.
Каб максімальна захаваць каштоўныя ўласцівасці аліўкавага алею, найлепш ужываць яго ў свежым выглядзе. Аднак ён добра вытрымлівае сярэдні нагрэў да 175°C, захоўваючы большасць карысных кампанентаў. Для гатавання страваў на больш высокіх тэмпературах мэтазгодней выкарыстоўваць авакадавы алей.
Рэгулярнае дадаванне аліўкавага алею ў рацыён – просты і даступны спосаб падтрымаць здароўе мозгу і прадухіліць развіццё дэменцыі. Нават невялікія змены ў харчаванні могуць значна палепшыць самаадчуванне і якасць жыцця.