1 сакавiка 2025, Субота, 22:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Еўропе час дзейнічаць

2
Наталля Радзіна: Еўропе час дзейнічаць

ЕЗ можа замясціць амерыканскую дапамогу Украіне.

Галоўная рэдактарка ​​сайта Charter97.org Наталля Радзіна стала госцем YouTube-канала вядомага журналіста Яўгена Кісялёва. У інтэрв'ю яна выказала ўпэўненасць, што Еўропа можа дапамагчы Украіне выдужаць:

- Трэба захоўваць халодны розум, а Украіне з Еўропай дзейнічаць разам супраць пагрозы, што расце, з боку Расеі, не ўпадаць у роспач.

Я веру, што Еўропа можа дапамагчы Украіне і нават замясціць амерыканскую дапамогу. Яна можа гэта зрабіць.

Настроі ў еўрапейскіх грамадствах антырасейскія і ўжо, трэба канстатаваць, антыамерыканскія. Бо палітыку новага прэзідэнта ЗША ў Еўропе не разумеюць і ўспрымаюць як здраду. Думаю, што грамадскасць падтрымае еўрапейскіх палітыкаў, якія павінны распрацаваць моцную стратэгію барацьбы з пуцінскай Расеяй.

Дастаткова будзе войскаў Францыі і Вялікай Брытаніі, якія гатовы накіраваць сваіх салдат ва Украіну ў якасці міратворцаў. У Францыі вялікая колькасць вайскоўцаў, якіх вывелі з краін Афрыкі. Іх неабходна некуды накіроўваць, бо гэта сур'ёзная нагрузка на грамадства. Калі прэзідэнт Макрон захавае свае лідарскія пазіцыі ў Еўразвязе, то французскія міратворцы будуць размешчаны ва Украіне.

Наталля Радзіна вылучыла некалькіх палітыкаў, якія сёння выйшлі на лідарскія пазіцыі ў Еўропе:

- Польшча займае вельмі цвёрдую пазіцыю ў дачыненнях да Расеі. Мяне натхніла, скажу без перабольшання і ліслівасці, прамова міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага на Генасамблеі ААН. Ён выразна стаў на пазіцыю Украіны і заявіў, што Польшча заўсёды будзе яе падтрымліваць, а таксама рэзка раскрытыкаваў ЗША за спробы паддывановых дамоўленасцей з Пуціным. Гэта пазіцыя ўсяго польскага ўрада, бо Радаслаў Сікорскі з «Грамадзянскай кааліцыі» - партыі, якая ўваходзіць у кіруючую кааліцыю. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, які належыць да апазіцыйнай партыі "Права і справядлівасць", таксама прынцыповы ў пытаннях Украіны.

Нямеччына, як і Францыя, будуць лідарамі ў Еўропе. Перамога Фрыдрыха Мерца ўсіх натхніла. Гэта абсалютна праўкраінскі палітык, дастаткова жорсткі і прынцыповы. Дарэчы, былы бізнэсовец, як і Трамп. Ён сёння гаворыць аб тым, што Нямеччына павінна весці самастойную палітыку, сысці з-пад залежнасці ад ЗША, таму што пры такім прэзідэнце складана развіваць тое супрацоўніцтва, якое было паміж дзвюма краінамі з 1945 года. Думаю, што Мерц будзе прасоўваць украінскі парадак дня ў ЕЗ, для гэтага ў яго ёсць усе рычагі.

Еўропа справіцца. Так, ёсць праблемы са Славакіяй і Вугоршчынай, якія могуць блакаваць агульныя рашэнні Еўразвязу. Але, думаю, што рэформа ЕЗ даўно наспела. Калі гэтыя краіны будуць сабатаваць агульныя рашэнні, ад “liberum veto” трэба будзе адмовіцца, а рашэнні давядзецца прымаць простай большасцю, а не аднагалосна.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках